Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пазьбегнуць махлярства пры набыцьці насеньня?


Сьвятлана Курс, Менск У Беларусі пакуль няма нацыянальных конкурсаў на найвялікшы кабачок ці найпрыгажэйшыя астры, вырашчаныя на прыватных падворках. Але да гэтага ідзе, бо адна з самых распаўсюджаных жарсьцяў у краіне – агародніцтва і садаводзтва. У гарачую пару закупкі насеньня й высаджваньня расады нашая карэспандэнтка адведала Камароўскі кірмаш.

У апошнія гады адзначаецца падзеньне якасьці насеньня ў прыватных столінскіх ды гарадоцкіх гандляроў, якія традыцыйна гандлююць насеньнем з раскладных валізак. Пакупнікі насеньня лічаць за лепшае набываць прадукцыю дзяржаўнага канцэрну “Белнасеньне”. Гавораць пакупнікі насеньня з Камароўкі:

(Пакупнікі: ) “Мне патрэбная цыбуля “Red Baron” салодкая. У бабулек я насеньне не купляю, яно нядобрае”.

“Трэба цыбулі купіць. А што я магу яшчэ купіць?”

“Бяру капусту, моркаўку, буракі, агуркі, астры. Лепей купляць тут, чым у бабулек”.

“І я астрачку купіла. А так у мяне ўсё-ўсё ёсьць. І не бяру ў гэтых бабак. У бабак купіш адно – травы!”

Як усё ж набыць добрае насеньне? Спэцыялісты Галоўнай інспэкцыі па насеньневодзтву, карантыну і абароне насеньня распавялі, што ў каляровых пакеціках гандляры часам прадаюць старое або негатунковае насеньне або ўвогуле пустазельле. На пакеціку мусіць быць назва культуры, апісаньне гатунку, назоў фірмы, яе адрас, дзяржстандарт або штрых-код, вага альбо колькасьць насеньня, тэрмін выкарыстаньня, парады па вырошчваньні.

Кліентаў у прыватных гандляроў цяпер малавата. 76-гадовая спадарыня Наста ўчора дарэмна прастаяла дзень. Насеньне кветак зь лецішча яна спрабуе аддаць задарма.

(Старая: ) “Свае кветачкі прадаю. Ой, міленькая мая, няма дзе іх і садзіць, а люблю. Сяджу, гляджу любуюся, дык насеньне сабрала. Хай людзі пасеюць. На, любенькая, на – я табе дарам дам, не выкідваць жа іх”.

Калі спадарыні Насьце даюць грошы, яна плача. Відавочна, што яе насенны бізнэс – проста высакароднае прыкрыцьцё жабрацтва.

Для адных сад і агарод – хобі, для іншых – сродак выжываньня. Дарэчы, аграномы з дзяржінспэкцыі па ахове расьлінаў распавялі, што апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да істотных зьменаў у дзейнасьці беларускіх агароднікаў і садаводаў. Са сродку для выжываньня расьлінаводзтва ператвараецца ў хобі. Людзі не шкадуюць грошай на гатунковае, выкшталцонае насеньне, больш вырошчваюць дэкаратыўных расьлінаў, чым традыцыйных бульбы, памідораў і гуркоў.
XS
SM
MD
LG