Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пост – дыялёг паміж чалавекам і найсьвяцейшымі сіламі


Сьвятлана Курс, Менск Ад 14 сакавіка ў хрысьціянаў некаторых канфэсіяў пачынаецца Вялікодны пост – найдаўжэйшы ў годзе, ахвяраваны пакутам і адраджэньню Ісуса Хрыста. Ці зьмяніўся неяк панятак посту ў сьведамасьці сучасных хрысьціянаў?

Апостальскі візытатар грэка-каталікоў Беларусі айцец Надсан неяк назваў пост магчымасьцю праз самаабмежаваньне супаставіць сваё жыцьцё з Божым Словам. А на суботняй імшы ў праваслаўным Сьвята-Елізавецінскім кляштары ў пасёлку Навінкі сьвятар нагадаў, што пост – не дыета, а ахвяраваньне сваімі задавальненьнямі дзеля найвышэйшага духовага жыцьця. Такое разуменьне ахвяраваньня вядомае ў Эўропе ужо зь 5 стагодзьдзя, калі людзі давалі зарокі (г.зв. “гейсы”) – дапамагаць бедным, не насіць дарагой вопраткі або маліцца па некалькі разоў на дзень.

Сьвятар Менскага Сьвята-Петрапаўлаўскага сабору айцец Віталь пацьвердзіў, што кожны сучасны праваслаўны вернік абавязаны трымаць пост – за выключэньнем цяжарных, хворых і дзяцей.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ўсім вернікам праваслаўным абавязкова трымаць пост?”

(а.Віталь: ) “Усім, усім-праўсім. Пост не датычыцца немаўлят, цяжарных і кормячых”.

Сьвятары гавораць пра тое, што пасьціць можа толькі паўналетні чалавек, які можа рабіць сьвядомы выбар. Аднак, да прыкладу, у Пінску летась адзначаны выпадак дыстрафіі у двух падлеткаў, якіх маці-верніца прымушала вытрымліваць усе кананічныя пасты.

Дыетоляг цэнтра здароўя і прыгажосьці “Санфора” Сьвятлана Марцынкевіч гаворыць:

(Марцынкевіч: ) “Мы кожны дзень няправільна харчуемся. Дык ці трэба распачынаць яшчэ і пост, пазбаўляючы арганізм неабходных рэчываў? У маёй практыцы было шмат выпадкаў, калі ў дзяцей была дыстрафія з-за таго, што мацяркі пераводзілі іх на дыету. Раздражнёнасьць дзіцячая, капрызьлівасьць, парушэньне сну – усё адтуль. Наколькі пост не паказаны дзецям, нагэтулькі паказаны для дарослых, якія маюць лішнюю вагу. Аднак людзі павінныя кансультавацца з доктарам і выконваць ягоныя рэкамэндацыі”.

Літаральна пару месяцаў таму наш карэспандэнт Альгурд Невяроўскі рабіў вулічнае апытаньне на гэтую тэму і не знайшоў ніводнага чалавека, які б блытаў пост і дыету. Людзі разумеюць пост як духоўнае падзьвіжніцтва, аднак далёка ня ўсе да яго гатовыя – у тым ліку з-за таго, што мала цяпер здаровых людзей. Гаворыць студэнтка-скульптарка Надзея Сярэдзіч:

(Сярэдзіч: ) “Пост патрабуе духовых выпрабаваньняў. І я атрымліваю дабраславеньне ад сьвятара, які вядзе маё духовае жыцьцё і спавядае мяне. Пост у ежы я не трымаю, бо я студэнтка і да таго ж цяжка працую. Зараз такі час, што ня ўсе людзі могуць вытрымаць пасты з-за здароўя. І наогул, калі чалавек хворы і бярэ пастанову абмежаваньня ў ежы, гэта можа быць грахом”.

Атрымліваецца, што фізычны пост – гэта дыялёг паміж чалавекам і найсьвяцейшымі сіламі, пасярэднікамі ў якіх усё ж мусяць выступіць сьвятар і доктар.

Аднак у заходніх краінах усё часьцей распаўсюджваецца пост у форме духовых, а не фізычных зарокаў – да прыкладу, ахвяраваць месяц на наведваньне больніцаў, папрацаваць у госьпісе, ахвяраваць на галодных і гэтак далей. У такіх дзеях, бадай, пасярэднік паміж чалавекам і небам не патрэбны.
XS
SM
MD
LG