Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Роўна адбылася канфэрэнцыя па пэрспэктывах беларуска-ўкраінскіх адносінаў


Павло Зуб’юк, Рівнэ “Бліжэйшыя пэрспэктывы ўкраінска-беларускага супрацоўніцтва” – навукова-практычная канфэрэнцыя з такой назвай адбылася 12-13 сакавіка ва ўкраінскім горадзе Рівнэ (Роўна). На ёй пабываў наш карэспандэнт.

Канфэрэнцыя пачалася малітвай, якую па-беларуску прачытаў украінскі сьвятар. У суботу на канфэрэнцыі абмяркоўвалі гісторыю ўкраінска-беларускіх адносінаў, а ў нядзелю – уласна іх пэрспэктывы.

Адзін з арганізатараў канфэрэнцыі, дэпутат Вярхоўнае Рады Ўкраіны, сябра Ўкраінскае народнае партыі Сяргей Олэксіюк лічыць, што супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі зьяўляцца жыцьцёва неабходным для новае Ўкраіны.

(Олэксіюк: ) “Я лічу, што сёньня Ўкраіна, заўтра Беларусь, таму мы, украінцы, праводзім навуковую канфэрэнцыю, якая дапамагае нашым беларускім братам, каб яны навучыліся перамагаць іхную карумпаваную ўладу, на якую мае вялічэзны ўплыў расейскае ФСБ і Расея”.

Удзельнікамі зь беларускага боку былі сябры розных партый, арганізацый, грамадзкія актывісты.

(Удзельнік канфэрэнцыі: ) “Мяне клічуць Мікіта, я прадстаўнік маладзёвай ініцыятывы “Вольная моладзь”, я прыехаў на гэтую канфэрэнцыю, каб зноў пабачыць сваіх сяброў-украінцаў, зь якімі я бачыўся ў часы памаранчавай рэвалюцыі, і разам зь імі абмеркаваць сытуацыю ў нашай краіне, зрабіць высновы і пераняць досьвед украінскіх сяброў, каб скарыстаць яго ў нашай складанай сытуацыі ў Беларусі”.

У нядзелю канфэрэнцыя завяршылася прыняцьцем рэзалюцыі, у якой палітыка беларускага кіраўніцтва прызнаная “этнацыдам”, а перамога дэмакратычных сіл ва Ўкраіне трактуецца як своеасаблівы падмурак для зьмен у Беларусі. Таксама падкрэсьліваецца, што гэтая канфэрэнцыя – адзін зь першых, але далёка не апошні крок у супрацоўніцтве дэмакратычных сілаў нашых краін.
XS
SM
MD
LG