Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьпіс рэкамэндаваных уладамі выканаўцаў ня трапілі “палітычна ненадзейныя” й альтэрнатыўныя


Іна Студзінская, Менск Міністэрствы культуры і інфармацыі распаўсюдзілі “Сьпіс беларускіх аўтараў і выканаўцаў, творы якіх рэкамэндаваныя для трансьляцыі ў FM-эфіры”. У пераліку – прыкладна 90 прозьвішчаў і гуртоў. Хто туды трапіў і ня трапіў, і як самі музыкі і грамадзкасьць паставілася да гэтых рэкамэндацыяў?

Ці нармальная гэта практыка – даваць рэкамэндацыі? Я папрасіла выказаць аб гэтым сваё меркаваньне чалавека дасьведчанага, які шмат гадоў узначальваў Белтэлерадыёкампанію – паэта Генадзя Бураўкіна.

(Бураўкін: ) “Я лічу, што рэкамэндацыі могуць быць і павінны быць. Больш таго, я абсалютна падтрымліваю рэкамэндацыю Міністэрства інфармацыі пра тое, каб у эфіры тыя станцыі, якія вяшчаюць у нас ў Беларусі, памяталі, дзе яны, і якую музыку яны павінны прапаноўваць. Але я не магу зразумець, хто гэтыя рэкамэндацыі дае – ці гэта чыноўнік, ці гэта сапраўды чалавек дасьведчаны ў спэцыяльных пытаньнях. І па-другое, калі ён тлумачыць такім чынам, як гэтае растлумачэньне ідзе – ну, гэта ўжо па-за розумам. Як можна, калі наш сьпявак прасьпяваў японскую песьню, лічыць гэта ўжо беларускай музыкай?”

Хто ж тыя шчасьліўцы, што трапілі ў рэкамэндаваны сьпіс? Ён складаецца зь дзьвюх частак – асноўнага пераліку і дадатковага. У асноўным – салісты аркестра Міхаіла Фінбэрга, “Песьняры”, “Сябры”, заслужаныя артысты і ляўрэаты міжнародных конкурсаў кшталту “Славянскі базар” – Саладуха, Афанасьева, Ухцінскі, Алеся, Дарафеева, Тамела, Сапацькоў і гэтак далей. Ёсьць яшчэ пару дзесяткаў “прыймальных” гуртоў – “Новы Ерусалім”, “Эківокі”, “Харлі”, “Stocks”, “J_Морс”... Дарэчы, у сьпісе шмат незнаёмых імёнаў нават для людзей, дасьведчаных у музыцы.

Ці адчуваюць шчасьліўцы, якія трапілі ў сьпіс, радасьць і гонар? Усплёску радасных эмоцыяў няма ні ў Ірыны Дарафеевай, якую сапраўды круцяць FM-станцыі, ні ў Аляксея Шэдзько. А вось меркаваньне Рамана Арлова, прадусара даволі раскручанага гурта “J_Морс”, які трапіў у асноўны сьпіс:

(Арлоў: ) “Насамрэч, гэтыя сьпісы некаму патрэбны. Я іх прагледзеў. Па-мойму, яны “ад ліхтара” складаліся. “Нео” ёсьць, гэта значыць, “Нео” будуць круціць. Па праўдзе кажучы, я рады, што “Нео” будуць круціць.

(Карэспандэнтка: ) “Сапраўды, гэтыя сьпісы дапамогуць раскруціць новыя імёны?”

(Арлоў: ) “Я, па-першае, ня веру ў ролю радыё ў раскрутцы. Народ, па-мойму, радыё не слухае. Па-другое, гэтыя сьпісы складалі людзі далёкія ад рэальнай сытуацыі, таму рэальна яны раскруціцца нікому не дапамогуць”.

А хто складаў гэты сьпіс, на які наракаюць і музыкі, і грамадзкасьць? Вось гэта якраз і таямніца. Ні Мінкульт, ні Міністэрства інфармацыі гэтыя сакрэтныя зьвесткі не выдаюць. Але пра дасьведчанасьць і ўзровень складальнікаў яскрава сьведчыць і другі, дадатковы сьпіс, які зьявіўся, відавочна, не ад добрага жыцьця. Цытую: “Улічваючы недастатковае разьвіцьцё айчыннага шоў-бізнэсу і аб’ектыўную нястачу беларускіх кампазыцыяў для запаўненьня паўнавартаснага, разнастайнага кругласутачнага эфіру з разьліку прапорцыі 75%” вырашылі ўсіх землякоў, якія жывуць у Маскве, Кіеве і г.д. лічыць беларускімі артыстамі.

Такім чынам, Алену Сьвірыдаву, Макарэвіча, “Краскі”, “Бі-2” рэкамэндавана лічыць беларусамі. У гэты сьпіс чамусьці трапілі “Ляпіс Трубецкой”, “Лепрыконсы”, Аляксандра Гайдук, гурт Аляксея Шэдзько “Сястра”, якія стала жывуць ў Менску. Дарэчы, многія выканаўцы прысутнічаюць у абодвух сьпісах адразу.

А цяпер пра тых, хто ня трапіў у сьпіс. Зь лета і супрацоўнікі FM станцыяў, і самі музыкі, і журналісты шукалі і патрабавалі ад Міністэрстваў інфармацыі і культуры абнародаваць так званы “чорны сьпіс” забароненых выканаўцаў. Дакумэнта так і не зьявілася. Адказныя чыноўнікі ў вуснай форме давалі ўказаньні кіраўнікам станцыяў, каб ў эфіры не было музыкаў, якія “засьведчылі сваю пазыцыю на апазыцыйных акцыях”.

Такім чынам, забароны ў пісьмовым выглядзе не было. А цяпер у так званым “белым сьпісе” рэкамэндаваных выканаўцаў няма нават самага пасьпяховага праекту айчыннага шоў-бізнесу – “Крамбамбулі” Лявона Вольскага, лідэра “N.R.M.” i “Zet”. Няма, можна сказаць, заснавальнікаў айчыннага року – “Уліса”, “Крамы”, “Нэйра Дзюбеля”. Такім чынам атрымліваецца, што забароненыя тыя, што не дазволеныя.

А як адрэагавалі музыкі, якіх няма ў сьпісах? Лявон Вольскі зараз зь посьпехам гастралюе па Злучаных Штатах. Што ён думае пра гэта, з належным яму пачуцьцём гумару выказаў у SMS… А вось меркаваньне лідэра “Нэйра Дзюбеля” Аляксандра Кулінковіча:

(Кулінковіч: ) “Ой… Я адрэагаваў на гэта даволі зьняважліва. Ужо мінуў той час, калі я рэагаваў на штосьці з крыўдай альбо з надзеяй. Зь ліпеня, як ні дзіўна, мінула яшчэ няшмат часу – з моманту гэтай самай забароны, для мяне і для музыкаў гэта вельмі шмат значыла. Гэта наагул пераацэнка каштоўнасьцяў краіны, у якой я жыву… Таму на апошняе я, шчыра кажучы, нават і не рэагаваў”.

Адсутнічаюць у сьпісе маладыя, альтэрнатыўныя, дастаткова вядомыя гурты “Індзіга”, “БезьБілета”, “IQ-48”. Чамусьці не пашанцавала Вользе Барабаншчыкавай, дуэту “Чук і Гек”, Андрэю Хлястову, якіх ну ніяк нельга западозрыць ў ненадзейнасьці. Няма ў сьпісе і прадстаўнікоў фолк-мадэрну – “Палаца”, “Юр’я”, “Крыві”.

Гутару з лідэрам “Палацу” Алегам Хаменкам:

(Карэспандэнтка: ) “Ці пакрыўдзіліся вы, што няма “Палацу” ў рэкамэндаваных Мінкультам сьпісах?”

(Хаменка: ) “Па шчырасьці, я гэтыя сьпісы не чытаў, і таму не пасьпеў пакрыўдзіцца ці не пакрыўдзіцца. Канешне, калі гэта сапраўды так, становішча ня вельмі зразумелае. Таму што мы столькі зрабілі менавіта разам зь Міністэрствам культуры – абаранялі гонар Беларусі на ўсіх замежных імпрэзах. І калі з тых, каго прапанавалі круціць на радыё, зьнік “Палац” – гэта дзіўна і незразумела”.

І яшчэ адно меркаваньне – народнага паэта Генадзя Бураўкіна:

(Бураўкін: ) “Я думаю, што па ўзроўню майстэрства, дый па прызнанасьці ня толькі ў Беларусі, і “N.R.M.”, і той жа “Палац”, і “Юр’я” – гэта выдатная зьява, вельмі сур’ёзныя прафэсійныя калектывы. Іх “не пушчаюць” толькі, відаць, не з пазыцыі мастацтва, а з пазыцыі нейкай палітыкі. І мне страшна, калі ў нас у Беларусі тыя гурты, якія нясуць беларускую музыку, беларускае слова, якія працуюць на славу Беларусі – менавіта дзяржава праз свае міністэрствы закрывае! Куды ж гэта дзяржава вядзе, да чаго яна дакацілася?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG