Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Віцебскі кур’ер”: “Патрэбна дамагацца зьменаў падатковага заканадаўства”


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

Галоўныя артыкулы цэнтральных і рэгіянальных газэтаў сёньня прысьвечаныя важнейшым грамадзка-палітычным падзеям апошніх дзён – вылучэньню адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары, страйку прадпрымальнікаў, супрацьдзеяньню ўладаў гандлю людзьмі.

Так, “Беларускі рынак” зьмяшчае публікацыю “Палітыкі дэманструюць адзінства”. У прыватнасьці, вядомыя аналітыкі разважаюць ці сапраўды магчымае вылучэньне адзінага кандыдата ад шырокай грамадзкасьці й прыходзяць да высновы, што насамрэч такіх вылучэнцаў можа быць некалькі.

“Патрэбна дамагацца зьменаў падатковага заканадаўства” – такую назву мае артыкул у “Віцебскім кур’еры”. Гэтым разам газэта дае слова ня лідэрам прадпрымальніцкага страйку, а іхнаму апанэнту, бізнэсоўцу, які аргумэнтуе свой няўдзел у страйку й выказваецца пра патрэбу рэформаў у падатковым заканадаўстве. У артыкуле “Страйкоўцаў палохаюць” “Віцебскі кур’ер” прыводзіць прыклады перасьледу ўладамі прадпрымальнікаў – удзельнікаў страйку.

Тэму страйку працягвае таксама “Брестская газета”. У артыкуле “Беларускія прадпрымальнікі спадзяюцца на дапамогу прэзыдэнтаў” прыведзеная хроніка падзеяў ад пачатку й да сёньняшніх дзён. Аўтар таксама ставіць пытаньне: што далей і, у прыватнасьці, наколькі верагоднае далучэньне прадпрымальніцкага руху да палітычнага.

У артыкуле “Беларусь – пад пільнай увагай ЗША” гаворка вядзецца пра законапраект пад назваю “Акт аб распаўсюду дэмакратыі”, вынесены на разгляд Кангрэсу ЗША. Як вядома, Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс назвала Беларусь адной з шасьці краінаў сьвету, якія зьяўляюцца “ўвасабленьнем тыраніі”. У паведамленьні гаворыцца пра зьмест і сутнасьць “Акту аб распаўсюду дэмакратыі”, што ён “закліканы працягнуць выдатныя пераўтварэньні, якія распачаліся пасьля падзеньня Бэрлінскай сьцяны, а зараз адбываюцца на Сярэднім Усходзе”.

Тэма нумару тыднёвіка “Беларуская газэта” – вядомы дэкрэт “Аб некаторых мерах па папярэджаньню гандлю людзьмі”. Гэта падборка інтэрвію з адмыслоўцамі ў гэтай справе, якія заяўляюць, што фармаваньне крымінальных групаў і каналаў перапраўкі беларускіх жанчын за мяжу адбыўся яшчэ некалькі гадоў таму, і зараз даць рады ў гэта справе ня здолеюць і праваахоўнікі, нават узброеныя прэзыдэнцкім дэкрэтам.

У рубрыцы “Лікбез” “Беларуская газэта” друкуе артыкул пад назваю “Як завуць сьвятых?” Прыводзіцца падрабязная герархія сьвятых, а менавіта: хто такія прарокі, апосталы, пакутнікі й гэтак далей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG