Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

14 сакавіка 1879 году нарадзіўся Альбэрт Эйнштэйн


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 13 і 14 сакавіка

Спачатку – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

13 сакавіка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Васіль. Казалі: “На Васіля-капельніка са стрэх капае”.

13 сакавіка 1820 году расейскі імпэратар Аляксандар І выдаў загад выслаць з Расейскай імпэрыі ўсіх езуітаў і закрыць іхныя калегіюмы, школы і кляштары. Такім чынам на беларускіх землях, што толькі нядаўна былі далучаныя да Расеі, зьнішчалася традыцыйная сыстэма адукацыі – ад пачатковай да вышэйшай школы, якая была створаная менавіта ордэнам езуітаў.

13 сакавіка 1881 году ўраджэнец Клічаўскага павету Ігнат Грынявіцкі забівае бомбай расейскага імпэратара Аляксандра ІІ. Прысуд цару вынесла арганізацыя “Народная воля”.

13 сакавіка 1938 году ў СССР прымаецца пастанова “Аб абавязковым вывучэньні расейскай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласьцей”. Такім чынам замацоўвалася пануючае становішча расейскае мовы для ўсіх народаў СССР.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

14 сакавіка 2000 году Папа рымскі Ян Павал ІІ зрабіў беспрэцэдэнтны крок. Ён папрасіў прабачэньня ў Госпада Бога і вернікаў за ўсе тыя грахі і памылкі, якія каталіцкая царква ўчыніла за 2 тысячы гадоў. Упершыню ў гісторыі кіраўнік Касьцёла прасіў дарунку за грахі перад габрэямі, жанчынамі, ерэтыкамі і паганцамі, якіх на працягу стагодзьдзяў палілі на вогнішчах, забівалі, сілком хрысьцілі, выганялі з дамоў і ўсяляк перасьледавалі.

14 сакавіка 1879 году нарадзіўся славуты фізык Альбэрт Эйнштэйн. У 1921 годзе Эйнштэйн быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй.

14 сакавіка 1883 году ў Лёндане памёр філёзаф Карл Маркс. Праз 30 гадоў пасьля сьмерці Маркса ягоную тэорыю паспрабавалі ўвасобіць у жыцьцё ў Расеі. На экспэрымэнт спатрэбілася ажно 70 гадоў. Урэшце ўсе зразумелі ўтапічнасьць камунізму, і ад тэорыі вырашылі адмовіцца.

14 сакавіка 1895 году ў Плябанцах пад Менскам нарадзіўся беларускі архітэктар Іван Валадзько. А 14 сакавіка 1943 году пакінуў гэты сьвет прэзыдэнт БНР Васіль Захарка. Прэзыдэнтам ён стаў ужо ў эміграцыі, у Празе, дзе і памёр.
XS
SM
MD
LG