Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік “Пэрспэктывы” лічыць абвінавачаньне ў зьбіцьці сукамэрніка правакацыяй


Міхал Стэльмак, Менск 13 сакавіка беларускія прадпрымальнікі працягвалі агульнанацыянальны страйк, які распачаўся 1 сакавіка. Нагадаю, яго ўдзельнікі дамагаюцца ад уладаў адмены альбо “мараторыя” на ўплату падатку на дабаўленую вартасьць на тавары, увезеныя з Расеі. Паводле зьвестак грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, 13 сакавіка найбольш масавыя акцыі прадстаўнікоў дробнага бізнэсу мелі месца ў Барысаве, Пінску, Берасьці, Горадні, Салігорску, Слуцку, іншых рэгіёнах. У той жа дзень у прадпрымальніцкім асяродзьдзі шырока абмяркоўваліся падзеі вакол старшыні “Пэрспэктывы” Анатоля Шумчанкі, які праваахоўнымі органамі падазраецца ў хуліганскіх дзеяньнях.

12 сакавіка стала вядома, што лідэр гэтага грамадзкага аб’яднаньня ў часе адбыцьця 10-дзённага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве нібыта зьбіў сукамэрніка, што пагражае яму турэмным зьняволеньнем тэрмінам да 2 гадоў.

Прозьвішча гэтага чалавека, паводле прадстаўнікоў “Пэрспэктывы” – Алег Хвастоў, які нібыта напісаў заяву, што пацярпеў ад Шумчанкі. Разам з тым Шумчанка, як сьцьвярджае яго адвакат Аляксандр Галіеў, выказаў недаўменьне на гэты конт, паколькі, як вынікае зь яго словаў, ня толькі не зьбіваў спадара Хвастова, але й меў зь ім нармалёвыя, бесканфліктныя адносіны.

Сам кіраўнік “Пэрспэктывы” лічыць здарэньне правакацыяй. Ягоныя паплечнікі спрабуюць разблытаць гэтую сытуацыю са зьбіцьцём, якое яны лічаць сфальшаваным, і абараніць свайго лідэра.
XS
SM
MD
LG