Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістам не дазволілі прысутнічаць на абмеркаваньні праекту новага закону


Алесь Дашчынскі, Менск У Нацыянальным сходзе працягваецца абмеркаваньне праекта закону аб асноўных накірунках унутранай і вонкавай палітыкі Беларусі. У Савеце рэспублікі адбылося пасяджэньне навукова-кансультацыйнай рады пры пастаяннай камісіі ў міжнародных справах. Журналістам на ім не дазволілі прысутнічаць. Чаму гэты законапраект спэцыялісты імкнуцца абмяркоўваць за зачыненымі дзьвярыма?

На пачатку гэтага пасяджэньня журналістам дазволілі выслухаць меркаваньне толькі аднаго экспэрта – намесьніка старшыні КГБ Пятра Трацьцяка. Ён сказаў, што ягонае ведамства лічыць неабходным унесьці некаторыя рэдакцыйныя праўкі і ўдакладніць шэраг юрыдычных нормаў. “Закон добры і дастаткова прапрацаваны”, адзначыў прадстаўнік спэцслужбаў. Пасьля гэтага журналістаў папрасілі пакінуць памяшканьне.

Але ж да законапраекта ўнесена некалькі дзесяткаў заўвагаў ад абедзьвюх палат, з адміністрацыі прэзыдэнта й іншых установаў. На пасяджэньне рады прыйшлі экспэрты з мытнага камітэта, міністэрства абароны, дзяржкамітэта памежных войскаў, зьнешнепалітычнага ведамства, міністэрства юстыцыі, навукоўцы. Іхныя меркаваньні засталіся для прэсы за зачыненымі дзьвярыма.

Загадчыца адзела па забесьпячэньні працы камісіі Ірына Шыткоўская патлумачыла, што прэса магла прысутнічаць толькі на так званай “пратакольнай” частцы, якая цягнулася каля пяці хвілінаў.

(Шыткоўская: ) “Пытаньне пра тое, што яны хочуць прысутнічаць на пасяджэньні, ня ставілася, ставілася ад пачатку пытаньне, што гэта будзе “пратакол”, і ніхто ніякіх пярэчаньняў на гэты конт не выказваў, то бок “пратакол” – і ўсё. Фармат удзелу журналістаў агаворваецца зараней”.

Пасяджэньне вёў рэктар акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Станіслаў Князеў. Старшыня сэнатарскай камісіі ў міжнародных справах Мікалай Чаргінец на ім не прысутнічаў, бо захварэў. Ня выключана, што менавіта рэктар Князеў і даў распараджэньне, каб прадстаўнікоў СМІ папрасілі з памяшканьня.

Я паспрабаваў атрымаць камэнтары ў рэктара Станіслава Князева, аднак гэтыя намаганьні былі марнымі. У рэшце рэшт сакратарка адказала, што спадара Князева не будзе.

(Сакратарка: ) “Не будзе, так, не, не. Крайне заняты”.

(Карэспандэнт: ) “А вы перадалі яму маю просьбу?”

(Сакратарка: ) “Так,так, так. Не было ніякіх камэнтароў зь яго боку, таму…”

Дэпутат Сяргей Касьцян ня ведае, чаму журналістам не дазволілі прысутнічаць на пасяджэньні экспэртаў у Савеце рэспублікі.

(Касьцян: ) “Закон ёсьць закон, ён ня мае там ніякіх сакрэтных артыкулаў. Гэта звычайная праграма дзейнасьці ўсіх галін дзяржаўнай улады, і ўсё, больш там нічога такога”.

Чакаецца, што праект закону аб асноўных накірунках унутранай і вонкавай палітыкі Беларусі трапіць у парадак дня вясеньняй сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Але ці прадугледжвае гэты праект нейкія перамены ва ўнутранай і вонкавай палітыцы афіцыйнага Менска?

Гэты законапраект распрацаваны беларускім ўрадам. Альтэрнатыўны, які прапаноўвала група дэпутатаў яшчэ мінулага скліканьня разам з Кірылам Халопікам, цяперашняя Палата прадстаўнікоў адхіліла. Паводле спадара Халопіка, дэпутацкую канцэпцыю разьвіцьця краіны не падтрымала кіраўніцтва краіны. Цяпер атрымліваецца, што не парлямэнт, а сам урад вызначае для сябе прыярытэты ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы.

(Халопік: ) “Урадавы закон ніякіх рамак для ўрада не стварае. У рамках урадавага закону можна ствараць жорсткую адміністрацыйна-камандную сыстэму ў краіне і кіраваньня эканомікай, можна рынкавую. Дэпутаты падтрымалі варыянт, які ня ўтрымлівае яснай рэгламэнтацыі таго, як трэба рэалізоўваць унутраную і вонкавую палітыку. У цяперашнім выглядзе закон не патрэбны, ён нічога не мяняе. Ён не стварае ніякіх прававых рамак для дзейнасьці нейкіх дзяржаўных органаў. На яго ніхто ніколі не будзе спасылацца. Гэта такі пусты закон”.

Нагадаю, што на прэсавай канфэрэнцыі старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч нечакана абрынуўся з крытыкай на адрас Канстытуцыйнага акту саюзнай краіны, які паводле спадара Васілевіча мае вельмі нізкую якасьць і “не адпавядае ніякім прававым патрабаваньням”. Ён адзначыў, што для краінаў, якія нядаўна атрымалі незалежнасьць, зь цяжкасьцю можна ўявіць перадачу часткі свайго сувэрэнітэту.

Ці зьвязана гэта з асноўнымі накірункамі ўнутранай і вонкавай палітыкі Беларусі? У праекце закону сьцьвярджаецца, што стратэгічнымі мэтамі вонкавай палітыкі Беларусі зьяўляюцца абарона сувэрэнітэту дзяржавы, захаваньне бязьядзернага й набыцьцё нэўтральнага статусаў. Сыходзячы з гэтага, саюз з Расеяй ужо ніяк ня можа супадаць зь безьядзерным і нэўтральным статусам Беларусі.
XS
SM
MD
LG