Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амэрыканскі сэнатар МакКейн: спадар Лукашэнка, неадкладна і без папярэдніх умоваў вызваліце Міхаіла Марыніча


Ул.інф. Амэрыканскі сэнатар Джон МакКейн, сустаршыня Гельсынскай камісіі ЗША зьвярнуўся з адкрытым лістом да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з нагоды рэзкага пагаршэньня здароўя надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Міхаіла Марыніча. Ліст накіраваны ў беларускае пасольства ў Вашынгтоне.

“Паважаны спадар Прэзыдэнт, я пішу з нагоды трывожных паведамленьняў аб стане здароўя пасла Міхаіла Марыніча, палітычнага вязьня, які быў неабгрунтавана пасаджаны ў турму за крадзёж маёмасьці амэрыканскай амбасады ў Менску – абвінавачаньне, якое сама амбасада не прызнае і называе хлусьлівым. Як я разумею, 3 сакавіка пасол Марыніч быў пераведзены зь Менску ў Воршу, дзе яму не дазволілі карыстацца неабходнымі для яго здароўя лекамі. Кіраўніцтва калёніі працягвала адмаўляць яму ў леках да 7 сакавіка, калі з Марынічам здарыўся інсульт і цяпер ён застаецца часткова паралізаваны.

Эўрапарлямэнт асудзіў утрыманьне Марыніча ў турме, і прадстаўнікі ЗША таксама пільна сочаць за сытуацыяй. Я заклікаю вас вызваліць Міхаіла Марыніча неадкладна і без папярэдніх умоваў і дазволіць яму доступ да адэкватнай мэдычнай дапамогі ў нармальных мэдычных установах.

Тым, што Марыніч надалей застаецца ў зьняволеньні і што яго сваякам не дазваляюць сустрэцца зь ім, урад Беларусі ўдзельнічае ў вельмі сур’ёзным парушэньні правоў чалавека. Калі ўрад ня зробіць неадкладных крокаў, каб спыніць гэтае парушэньне, я веру, што гэта будзе мець сур’ёзныя наступствы для вашага ўраду, у тым ліку, яшчэ большую ізаляцыю вашай краіны ад дэмакратычных дзяржаваў сьвету.

Дзякую вам за вашую пільную ўвагу да гэтай сытуацыі.

Ваш Джон МакКейн, сэнатар ЗША”.
XS
SM
MD
LG