Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ружанах павінна зьявіцца грэка-каталіцкая суполка


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Такое рашэньне прынялі мясцовыя вернікі, якім кіраўніцтва Берасьцейскай эпархіі не дазволіла стварыць яшчэ адзін праваслаўны прыход.

Канфлікт паміж праваслаўнымі вернікамі і сьвятарамі Пётра-Паўлаўскай царквы ў Ружанах цягнецца больш за два гады. Падставай для яго сталася зьнікненьне з храму некаторых каштоўных іконаў ды іншых царкоўных рэчаў. Вернікі спрабавалі дамагчыся расьсьледаваньня ў гэтай справе з боку кіраўніцтва Берасьцейскай эпархіі і мясцовых праваахоўных органаў, але гэтыя намеры ня спраўдзіліся.

Увесь гэты час вялікая група вернікаў адмаўлялася наведваць Пётра-Паўлаўскую царкву, і багаслужэньні адбываліся ў жылым будынку. Сёлета ружанскія вернікі выступілі з прапановай аб стварэньні ў паселішчы яшчэ аднаго праваслаўнага прыходу. Аднак гэтая прапанова не была падтрыманая кіраўніцтвам Берасьцейскай эпархіі. Больш таго, на гаспадыню будынку, дзе адбываліся багаслужэньні, склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага рэлігійнага сходу. Аналягічныя пратаколы складаліся і на берасьцейскага сьвятара Іаана Грудніцкага, якога прыхаджане запрасілі весьці службу.

Гэтыя захады праваслаўнай царквы ды праваахоўных органаў прымусілі вернікаў прыняць прынцыповае рашэньне, пра якое распавёў сьвятар Іаан Грудніцкі.

(Грудніцкі: ) “У сувязі з тым, што няма праўды, і з праваслаўнай царквы іх “адфутболілі” (у грубым сэнсе слова), яны прынялі рашэньне перайсьці да грэка-каталіцкай царквы. Нам ужо надакучылі гэтыя сваркі і дамаганьні. Цягам двух гадоў вернікаў водзяць за нос так званыя праваслаўныя царкоўнікі. І яны прынялі рашэньне, што лепш Богу маліцца ва ўніяцкай царкве”.

Варта адзначыць, што берасьцейскія ўлады вельмі неахвотна рэгіструюць новыя прыходы грэка-каталіцкай царквы. Без адпаведнай рэгістрацыі прыхільнікі ўніяцтва зьбіраюцца зараз у Пінску, Кобрыні, Бярозе ды некаторых вёсках.
XS
SM
MD
LG