Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская ацэнка пакту Молатава-Рыбэнтропа крыўдзіць перадусім саміх расейцаў, лічыць польскі гісторык


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы шэраг палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў і гісторыкаў выказалі абурэньне заявай Уладзіміра Пуціна ў абарону пакту Молатава-Рыбэнтропа, якая, паводле іхных словаў, мае на мэце “ўзмацніць імпэрскі дух у грамадзтве”.

Шэраг польскіх адмыслоўцаў падкрэсьлівае, што Пуцін, абараняючы пакт, падае дакладна такія ж аргумэнты, як калісьці Сталін.

Паводле вядомага гісторыка прафэсара Паўла Вечаркевіча, сучасная расейская прапагандысцка-гістарычная канцэпцыя ўвогуле мае адну мэту: рэабілітаваць Сталіна.

“Калі Пуцін хоча ўзмацніць сваю ўладу, дык ён мог бы зьвярнуцца да больш шляхетных традыцыяў – хаця б з часоў дарэвалюцыйнай Расеі. Цяперашняя прапагандысцка-гістарычная канцэпцыя з аднаго боку мае на мэце ўзмацніць імпэрскі дух у грамадзтве, а з другога – дысцыплінаваць некаторых суседзяў”, заявіў прафэсар Вечаркевіч.

Паводле словаў навукоўца, расейская ацэнка пакту Молатава-Рыбэнтропа крыўдзіць перадусім саміх расейцаў, бо ў выніку гэтай дамоўленасьці у 1941 годзе сама Расея заплаціла страшны кошт: мільёны забітых, акупацыя і страта значнай часткі тэрыторыі.
XS
SM
MD
LG