Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэра прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанку абвінавачваюць у зьбіцьці сукамэрніка


Любоў Лунёва, Менск Лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка абвінавачваецца ў злосным хуліганстве. Сьледчыя Маскоўскага РАУС патлумачылі Шумчанку, што ён можа апынуцца за кратамі тэрмінам да 3 гадоў за зьбіцьцё чалавека. Учора, 11 сакавіка, скончыўся тэрмін адбыцьця 10-сутачнага арышту лідэра прадпрымальнікаў. Паплечнікі Анатоля прыйшлі яго сустракаць, чакалі больш за паўгадзіны, а потым высьветлілі ў дзяжурнага, што Анатоля адпусьцілі на волю на гадзіну раней. Сябры непакоіліся, бо Анатоль не прыйшоў дахаты і нікому не патэлефанаваў.

12 сакавіка стала вядома, што ён начаваў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Менавіта туды насамрэч адвезьлі яго міліцыянты. А сёньня яго прывезьлі ў Маскоўскі РАУС, і некалькі гадзінаў сьледчы вёў допыт Анатоля. Яго абвінавачваюць у зьбіцьці сукамэрніка.

У часе перапынку Анатоль пасьпеў сказаць, што на дзевяты дзень адбыцьця арышту сукамэрнікаў вывелі на працу. Анатоль, зразумела, застаўся адзін у камэры, бо палітычных ніколі не выводзяць на шпацыр. А калі сукамэрнікаў прывялі, то аднаго зь іх не было, а потым Анатоль даведаўся, што яго абвінавачваюць у зьбіцьці гэтага чалавека, і што нават распачалі крымінальную справу за злоснае хуліганства.

Паплечнікі Анатоля Шумчанкі абураныя: яны кажуць, што калі ўлады разьлічвалі такім чынам напалохаць астатніх, каб яны ня выйшлі 25 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу, то ў выніку эфэкт будзе адваротны.

Усе чакалі, што сёньня вырашыцца пытаньне, якую меру стрыманьня абяруць праваахоўныя органы для Анатоля: сьледчы ізалятар альбо падпіска аб нявыезьдзе. Але сьледчыя паведамілі, што да панядзелка – па сутнасьці, трое сутак – лідэра прадпрымальнікаў будуць трымаць у ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Дабрамышленскай. Толькі ў панядзелак стане вядома, ці выйдзе Анатоль Шумчанка на волю.
XS
SM
MD
LG