Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі Марыніча патрабуюць пракурорскай праверкі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сваякі Марыніча і ягоны адвакат патрабуюць пракурорскай праверкі дзеяньняў адміністрацыі аршанскай калёніі, дзе зь Міхаілам Марынічам адбыўся інсульт.

Ігар і Павал Марынічы, а таксама адвакат Марыніча Валянціна Шаханцова накіравалі скаргу генэральнаму пракурору Беларусі Пятру Міклашэвічу. У скарзе выказана патрабаваньне наладзіць пракурорскую праверку дзеяньняў адміністрацыі аршанскай калёніі №8 у дачыненьні да Міхаіла Марыніча. Сыны Марыніча і ягоны адвакат падазраюць, што менавіта адміністрацыя калёніі вінаватая ў тым, што 7 сакавіка ў Міхаіла Марыніча адбыўся інсульт.

“Яму стала блага яшчэ 3 сакавіка, калі яго прывезьлі ў аршанскую калёнію зь менскага сьледчага ізалятару, але да 7 сакавіка, калі ўжо здарыўся інсульт, Марынічу гэтак і не давалі лекі. Усё спасылаліся на ўнутраныя загады”, – паведаміла “Радыё Свабода” адвакат Валянціна Шаханцова са словаў Міхаіла Марыніча, зь якім яна бачылася 11 сакавіка. Паводле спадарыні Шаханцовай, гэты факт прызнаюць і ў мэдычнай частцы калёніі, дзе цяпер знаходзіцца Міхаіл Марыніч.

(Шаханцова: ) “Такі загад сапраўды ёсьць, што лекі ня могуць быць на руках, але гэта не азначае, што калі чалавек зьвяртаецца па дапамогу, яны мусяць спасылацца на гэты загад і не аказваць яе. Яны прызналі, што не давалі Марынічу лекі да 7 сакавіка, калі яму стала блага. Гэта прызнаў начальнік мэдычнай часткі калёніі”.

Як пачуваўся Міхаіл Марыніч падчас сустрэчы з адвакатам 11 сакавіка ? Паводле Валянціны Шаханцовай, яму яшчэ блага. У экс-міністра захаваліся сымптомы інсульту: замаруджаная мова, ёсьць прыкметы паралізаваньня левай часткі цела. Настрой Марыніча адвакат ацаніла як сярэдні. Пра дапамогу, якую яму аказваюць цяпер, Валянціна Шаханцова сказала гэтак:

(Шаханцова: ) “Адчувае ён сябе не лепшым чынам, канешне. Што да дапамогі, то магчымая дапамога аказваецца тым пэрсаналам, які там ёсьць, і тымі лекамі, але гэтага, безумоўна, недастаткова”.

Валянціна Шаханцова заявіла, што сваякі Марыніча працягваюць настойваць на кансыліюме дактароў, якія ня маюць дачыненьня да міністэрства ўнутраных справаў.

Начальнік аршанскай калёніі №8 Анатоль Лукашэвіч адмовіўся камэнтаваць прэтэнзіі што да дзеяньняў адміністрацыі калёніі адносна Міхаіла Марыніча. А журналісту “Радыё Свабода” ён выказаў параду “ня лезьці ў гэтую тэму”.

Нагадаем, у аршанскую калёнію Міхаіл Марыніч патрапіў паводле прысуду, якім ён быў прызнаны вінаватым у крадзяжы маёмасьці і асуджаны на 3,5 гады зьняволеньня. Шмат хто ў Беларусі і ў сьвеце лічыць, што гэтак з былым міністрам паквіталіся за ягоную крытыку палітыкі беларускіх уладаў і намер вылучыцца кандыдатам на прэзыдэнты. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG