Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкладчыка паліталёгіі прымусілі звольніцца з унівэрсытэту


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Магілёўскі дэмакрат, лідэр аб''яднанай арганізацыі сацыял-дэмакратаў Магілёву Павал Усаў заявіў, што яго вымусілі звольніцца з Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсітэту імя Куляшова, дзе ён працаваў выкладчыкам паліталёгіі.

Павал Усаў упэўнены, што яго прымусілі звольніцца з унівэрсітэту з прычыны ягоных палітычных перакананьняў. 30-гадовы выкладчык адпрацаваў паўтары гады на катэдры паліталёгіі і сацыялёгіі, і ніколі не хаваў сваёй пазыцыі.

(Усаў: ) “Я выкладаў паліталёгію і навукі палітычныя, і ня мог хлусіць. Студэнты задавалі мне вельмі вострыя пытаньні, і я прама адказваў, што з той сыстэмай, якая цяпер склалася ў нашай краіне, будучыні ў Беларусі няма”.

Павал Усаў паведаміў, што яму настойліва прапанавалі напісаць заяву на звальненьне паводле ўласнага жаданьня, і ён зрабіў гэта, бо ва ўнівэрсітэце вучыцца ягоная сястра.

Загадчык катэдры, дзе выкладаў Усаў, адмовіўся камэнтаваць гэтае звальненьне. Мікалай Ліхачоў заявіў карэспандэнту Радыё Свабода, што ёсьць заява, якая напісаная самім Усавым, і таму ён ня бачыць падставаў для размовы.

А Павал Усаў распавёў пра тое, як, паводле ягонага выразу, “звальняюць за палітыку”. Першыя папярэджаньні аб звальненьні зьявіліся падчас парляманцкіх выбараў.

(Усаў: ) “Я заклікаў сваіх студэнтаў не ісьці галасаваць тэрмінова, а зрабіць гэта ў дзень выбараў. Тады мне абвінавацілі ў тым, што я праводжу антыдзяржаўную прапаганду. Я патлумачыў, што я праводзіў працу са студэнтамі згодна з законам, з правам”.

Павал Усаў лічыць, што галоўнай прычынай яго звальненьня стала крытыка праграмы ідэалёгіі ва ўнівэрсітэце і адмова чытаць лекцыі дзяржаўнай ідэалёгіі.

(Усаў: ) “Ідэалёгія проста прымусовай зьяўляецца для навучаньня студэнтаў, яна пранікла ў гісторыю, у гуманітарныя навукі. І калі хтосьці пачынае крытыкаваць гэта, пачынаецца зачыстка кадраў, якія нелаяльныя да ўлады”.

Павал Усаў лічыць, што цяпер чалавеку, звольненаму за палітычныя перакананьні, немагчыма знайсьці працу ў сфэры адукацыі. Таму ён мае намер выкладаць прыватным чынам. Аднак займацца палітычнай дзейнасьцю ён дакладна не перастане, – так заявіў лідэр аб’яднанай арганізацыі сацыял-дэмакратаў горада Магілёва Павал Усаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG