Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскаму нарэшце далі спаткацца з жонкай і двума сынамі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня закончылася “доўгатэрміновае” спатканьне палітычнага вязьня Валерыя Леванеўскага са сваімі роднымі. Яно адбылося ў калёніі “Воўчыя норы” у Івацэвіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці.

З 9 да 11 сакавіка ў гасьцявой на тэрыторыі калёніі жылі жонка спадара Леванеўскага Марына і сыны Ўладзімер і Антон. Гэтага спатканьня вязьню ўдалося дамагчыся толькі пасьля таго, як ён прыгразіў адміністрацыі калёніі, што абвесьціць галадоўку.

Уладзімер Леванеўскі паведаміў нашаму карэспандэнту, што за пяць месяцаў ім удалося толькі другі раз спаткацца з бацькам. Першая — кароткачасовая сустрэча адбылася ў “Воўчых норах” 30 лістапада летась. Пазьней Валерыя Леванеўскага перавялі ў магілёўскую калёнію, дзе яму зусім забаранілі спатканьні з роднымі. Паводле Ўладзімера, раней здаралася, што яны зьбіраліся выяжджаць да бацькі, але яму раптоўна забаранялі спатканьне, якое было дазволена напярэдадні.

Падчас цяперашніх сустрэчаў з роднымі спадару Леванеўскаму забаранілі мець паперу, рабіць нейкія запісы, а таксама мець копіі матэрыялаў крымінальнай справы, копіі ягоных скаргаў на дзеяньні адміністрацыі калёніі і заканадаўчыя акты.

Жонцы і сынам таксама забаранілі прыносіць заканадаўчыя акты ды іншыя дакумэнты.

Кіраўнік Нацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі быў асуджаны на два гады зьняволеньня ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. Прысуд яму быў зачытаны 7 верасьня 2004 году ў Ленінскім раённым судзе Горадні. Разам зь ім на два гады асудзілі ягонага намесьніка па страйкаму Аляксандра Васільева, якога сёньня ўтрымліваюць у аршанскай калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG