Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскія прадпрымальнікі не зьбіраюцца спыняць страйк


Алег Супрунюк, Берасьце Такое рашэньне яны прынялі, не зважаючы на абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі дадаткова вывучыць мэханізм спагнаньня падатку на даданую вартасьць з прыватных гандляроў, што возяць тавар з Расеі.

Прадпрымальнікі Берасьця, якія з 1 сакавіка спынілі працу, рэгулярна зьбіраюцца на розных рынках гораду. На гэтых сустрэчах яны абмяркоўваюць сытуацыю, што сталася падставай для страйку. У часе апошняга такога сходу на рынку “Кавалёва” да прадпрымальнікаў прыйшлі прадстаўнікі гарадзкіх уладаў і падатковай інспэкцыі. Вось што паведміў адзін з удзельнікаў сустрэчы Віктар Чайкоўскі.

(Чайкоўскі: ) “Прадпрымальнікі задавалі раздражнёныя пытаньні. Нагадвалі сытуацыю, якая здарылася ў першыя дні страйку. Тады падаткоўцы, атрымаўшы ад прадпрымальнікаў заявы пра спыненьне сваёй дзейнасьці да ўрэгуляваньня пытаньня аплаты падатку на даданую вартасьць. А падаткоўцы што рабілі? Выклікалі прадпрымальнікаў і пагражалі пазбавіць пасьведчаньня, хаця гэта могуць зрабіць толькі выканкамы”.

Паводле словаў аднаго з лідэраў прадпрымальніцкага руху ў Берасьці Вячаслава Кухарчука, заявы Аляксандра Лукашэнкі паспрыяць вырашэньню праблемаў індывідуальных прадпрымальнікаў не паўплывалі на намер мясцовых гандляроў працягваць страйк.

(Кухарчук: ) “Вядома, ніякім абяцаньням мы ўжо верыць ня будзем. Пакуль канкрэтна не раскажуць, не пакажуць і не давядуць да нас дакумэнты, мы будзем страйкаваць далей. Гэтая сытуацыя назіраецца па ўсёй Беларусі. Усе чакаюць, чым гэта скончыцца. Таму што працаваць, у прынцыпе, не магчыма”.

11 сакавіка ў Берасьці не працавалі ўсе галоўныя рэчавыя рынкі гораду, а таксама частка кірмашоў і гандлёвых цэнтраў.
XS
SM
MD
LG