Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыны Міхаіла Марыніча: Нашага бацьку спрабавалі забіць


Алег Грузьдзіловіч, Менск Як мы паведамлялі раней, у Міхаіла Марыніча, які ўтрымліваецца ў Аршанскай калёніі, здарыўся інсульт. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, яму аказаная неабходная мэдычная дапамога, цяпер становішча “здавальняючае”. Між тым, сыны Міхаіла Марыніча абвінавачваюць улады ў наўмысным стварэньні ўмоваў, якія прывялі да рэзкага пагаршэньня здароўя іхнага бацькі.

10 сакавіка зьявіліся зьвесткі, што ў Аршанскай калёніі ў Міхаіла Марыніча здарыўся інсульт, і цяпер ў яго паралізаваная частка цела. У той жа дзень кіраўнік калёніі Анатоль Лукашэвіч пацьвердзіў нашаму радыё зьвесткі пра хваробу Марыніча, але заявіў, што “ён ужо адчувае сябе добра і яшчэ нас двойчы перажыве”.

Як насамрэч пачувае сябе Міхаіл Марыніч сёньня?

Кіраўнік прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Віталь Грынкевіч прызнаў, што ў Марыніча было “рэзкае пагаршэньне мазгавога кровазвароту”. Паводле міліцыянта, вязьню ад пачатку аказалі неабходную дапамогу.

(Грынкевіч: ) “Ён быў зьмешчаны ў стацыянар мэдычнай часткі калёніі. Начальнік мэдчасткі выклікаў да яго гарадзкую брыгаду хуткай дапамогі, якая аказала кваліфікаваную мэдычную дапамогу. На сёньняшні дзень ягоны стан здароўя здавальняючы, і таму няма неабходнасьці ў зьмяшчэньні яго ў рэспубліканскі шпіталь.”

У сыноў Міхаіла Марыніча, аднак, іншыя зьвесткі адносна таго, як абыходзіліся зь іхным бацькам, калі 7 сакавіка яму стала блага.

Вось што распавёў Ігар Марыніч.

(Ігар Марініч: ) “Калі яму стала блага, ён папрасіў лекаў. Але лекі яму не далі, спаслаўшыся на тое, што яшчэ з ізалятару не прывезьлі ягоную мэдычную карту. Нават калі ён папрасіў даць тыя лекі, якія былі ў яго, таксама адмовілі. Гэта і прывяло да інсульту ці мікраінсульту. Людзі з калёніі, якія яго бачылі, кажуць, што ў яго паралізаваная частка цела і сур’ёзна затарможаная мова”.

Ігар Марыніч мяркуе: здарэньне зь ягоным бацькам – не выпадак, а частка сыстэмы абыходжаньня з праціўнікамі беларускага рэжыму.

Зь недаверам ставіцца да афіцыйных заяваў пра здароўе Міхаіла Марыніча і ягоны малодшы сын Павал.

(Павал Марыніч: ) “Я гэтаму ня веру, паводле мяне, гэта была спроба забойства, паколькі было адмоўлена ў леках. Усё, што здарылася з бацькам, мне вельмі нагадвае здарэньне з Карпенкам”.

У другой палове дня 11 сакавіка Павал Марыніч з адвакатам Валянцінай Шаханцовай прыехалі ў Воршу і паспрабавалі ўбачыцца ў Міхаілаім Марынічам.

Паўла Марыніча адміністрацыя калёніі да бацькі не дапусьціла. Павал Марыніч заявіў Радыё Свабода, што разам з адвакатамі сваякі вырашылі дамагацца незалежнага кансыліюму здароўя Міхаіла Марыніча. Кіраўніку офісу АБСЭ ў Беларусі Эбэргарду Гайкэну беларускія ўлады дазволілі наведаць Міхаіла Марыніча.

Тым часам, нявеста Міхаіла Марыніча Тацяна Баранава падала заяву аб заключэньні шлюбу зь вязьнем. Яна перадала сваю заяву адміністрацыі калёніі. Зь першай жонкай Людмілай Міхаіл Марыніч разьвёўся два гады таму.

***

Нагадаем, былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч пасьля амаль году знаходжаньня ў сьледчым ізалятары КГБ быў асуджаны на 3,5 гады зьняволеньня нібыта за крадзеж маёмасьці няўрадавай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”, якую ён жа і ўзначальваў. 3 сакавіка Міхаіла Марыніча накіравалі ў аршанскую калёнію № 8 для адбыцьця пакараньня, а ўжо 7 сакавіка зь ім здарыўся інсульт альбо мікраінсульт. Шмат хто ў Беларусі і ў сьвеце лічыць, што Марыніч зьяўляецца палітычны зьняволеным, якога беларускія ўлады перасьледуюць як патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі.

На фотаздымку: Ігар Марыніч, Андрэй Саньнікаў, Павел Марыніч.
XS
SM
MD
LG