Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні аштрафавалі восем прадпрымальнікаў, якіх затрымалі амонаўцы


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні прадпрымальнікі працягваюць страйкаваць. Аштрафаваны восем чалавек, якіх затрымалі ўчора падчас разгону міліцыяй прадпрымальнікаў, што сабраліся ў гарадзкім парку. Кожны зь іх пакараны штрафам — на амаль паўмільёна рублёў.

Гарадзенскія прадпрымальнікі страйк працягваюць і чакаюць — як закончацца перамовы з уладамі ў сталіцы.

Да самага закрыцьця суду разглядаліся ўчора адміністрацыйныя справы прадпрымальнікаў, якіх затрымалі ўдзень міліцыянты. Дзьве справы не пасьпелі разгледзець. Учора аштрафавалі сем чалавек, сёньня яшчэ аднаго — Аляксандра Семянчука, адну справу адклалі да 14 сакавіка. Вось прозьвішчы астатніх пакараных —Людміла Цежына, Віталь Дзетчык, Алег Сямашка, Галіна Вішнеўская, Іван Мельнічак і Зьміцер Краўцэвіч. Усіх аштрафавалі на 20 базавых адзінак, гэта — 480 тысяч рублёў.

Прадпрымальнікаў уразіла і абурыла ўчорашняя сілавая акцыя амонаўцаў у шлемах і масках, якія разагналі людзей непадалёк ад будынкаў гарадзкой і абласной уладаў. Меркаваньне адной з прадпрымальніц:

(Спадарыня: ) “У мяне двое дзяцей. І я мушу вось тут стаяць і глядзець, як на мяне ідуць гэтыя шлемы. У мяне няма працы, як мне жыць? Дзе мне працаваць? Я сама мэдык, мяне не бяруць нідзе на працу. Што мне рабіць? З працягнутай рукой сядзець пад аблвыканкамам або дзе?”

Упершыню пакараны за свой пратэст менавіта самі прадпрымальнікі, а ня толькі іхнія лідэры ці праваабаронцы.

Калі падсумаваць: за акцыі пратэсту, у тым ліку за несанкцыянаваны мітынг, які адбыўся яшчэ ў лютым, у Горадні пакараны арыштам пяць чалавек — на агульны тэрмін 55 сутак. За гэта ж аштрафаваны дзесяць чалавек, найбольшыя штрафы атрымалі былыя дэпутаты парлямэнту Валеры Фралоў і Сяргей Скрабец — адпаведна 300 і 200 базавых адзінак.

Пасьля акцыяў пратэсту ў Горадні ўлады спадзяюцца атрымаць прыбытак ад штрафаў агульным памерам — 17 мільёнаў 440 тысяч рублёў, гэта прыблізна 8100 даляраў.
XS
SM
MD
LG