Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэзалюцыю Эўрапарлямэнту камэнтуюць у Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск Учора Эўрапейскі парлямэнт ўхваліў рэзалюцыю ў справе палітычных зьняволеных у Беларусі. У ёй палітычны рэжым у Беларусі ўпершыню названы дыктатурай, а сам кіраўнік краіны – дыктатарам. Заклік Эўрапарлямэнту неадкладна вызваліць Міхаіла Марыніча, Валерыя Леванеўскага, Аляксандра Васільева ды іншых палітзьняволеных камэнтуюць прадстаўнікі беларускіх уладаў і сваякі вязьняў.

Прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін паведаміў, што ягонае ведамства пакуль разглядае рэзалюцыю Эўрапейскага парлямэнту і рыхтуе адказ.

Прэсавы сакратар Пракуратуры Беларусі Юры Азаронак з нагоды патрабаваньня Эўрапарлямэнту вызваліць беларускіх палітзьняволеных заявіў, што ў Беларусі такіх няма:

(Азаронак: ) “Гэтыя людзі асуджаныя кожны за сваё злачынства па канкрэтным артыкуле.”

Сябра камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч пагаджаецца з палітычнымі ацэнкамі Эўрапарляманту і лічыць, што ўлады павінны прыслухацца да меркаваньняў Эўрапейскага зьвязу, АБСЭ, Рады Эўропы.

(Гайдукевіч: ) “Ад Эўропы нам не адмахнуцца ні рукой, ні няўвагай. Аб’яднаная Эўропа – гэта наш агульны дом”.

Жонка аднаго з палітзьняволеных, вызваленьня якога патрабуе Эўрапарлямант, Натальля Васільева вітае рэзалюцыю эўрапейскіх дэпутатаў, як і іншыя падобныя намаганьні міжнароднай грамадзкасьці. Яна спадзяецца, што ціск з-за мяжы на беларускія ўлады можа станоўча паўплываць на лёс яе мужа, аднаго з лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандра Васільева, які адбывае пакараньне ў Аршанскай турме за абразу А. Лукашэнкі. Хаця рэакцыя можа быць адваротнай, умовы ўтрыманьня Васільева могуць пагоршыцца, прызнае спадарыня Васільева:

(Васільева: ) “Паўплываць? Я думаю, так, гэта магчыма, калі гэта будзе рабіцца… Хаця ведаеце, Аляксандр Лукашэнка такі жорсткі чалавек. Пасьля маёй сустрэчы з прадстаўніцай АБСЭ Утай Цапф да майго мужа пачалі прыдзірацца, прымяняць дадатковыя захады, прыпісваць нейкія парушэньні, вымагаць ад яго грошы… Я так расцэньваю, што гэта нібы помста.”

Натальля Васільева паведаміла, што прадстаўніца ПА АБСЭ Ута Цапф зьвярталася да адміністрацыі аршанскай калёніі з просьбай накіраваць Аляксандра Васільева ў Рэспубліканскі шпіталь, аднак рэакцыі няма. Нават перадаць Васільеву пакунак з лекамі ўдалося толькі праз адваката. Адміністрацыя калёніі адмаўляецца забясьпечыць мэдычнае абслугоўваньне Аляксандра Васільева, не накіроўвае ў Вярхоўны суд ягоныя скаргі,– зазначыла жонка вязьня Наталья.
XS
SM
MD
LG