Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цішку” западозрылі ў “палітычнай некарэктнасьці”


Ігар Карней, Менск З рэпэртуару Маладэчанскага абласнога тэатра можа зьнікнуць спэктакль пад назвай “Цішка слухае, альбо Казка пра тое, чаго ніколі не было”. Чыноўнікі абласнога ўпраўленьня культуры ўбачылі ў зьмесьце “трагікамічнай фантазіі”, як называюць яе самі аўтары, палітычна некарэктныя аналёгіі з цяперашняй уладай, палічыўшы пастаноўку “абразьлівай”. Сёньня п’еса накіраваная на адмысловую экспэртызу і цягам тыдня “Цішку…” будзе вынесены прысуд. Аўтары п’есы не выключаюць, што заплянаваны на 17 сакавіка паказ можа ўжо не адбыцца.

Аўтар сцэнару, малады драматург Алег Асінавы распавёў, што летась гэта п’еса стала пераможцай конкурсу так званых рэжысэрскіх эксплікацый, альбо – заявак на пастаноўку. Конкурс праводзіла Міністэрства культуры. Сёлета ў лютым на сцэне Маладэчанскага тэатру адбылася прэм’ера спэктаклю. Але неўзабаве чыноўнікі ў зьмесьце ўбачылі сатырычныя паралелі з цяперашняй палітычнай сытуацыяй.

(Асінавы: ) “Мы выйгралі конкурс, таму, напэўна, усе баяліся рабіць нейкія захады супраць. А цяпер гэта імкліва разгортваецца, усе навокал трасуцца. Ужо праграмку ўрэзалі, выкінулі зь яе шмат чаго. Ну, варушэньні нейкія мышыныя пачаліся. 17 сакавіка мусіць быць яшчэ адзін паказ, але можа ўжо і ня будзе… Шчыра кажучы, я зьдзіўлены, што ўвогуле яны далі тры прадстаўленьні; меркаваў, што і аднаго будзе даволі…”

Чым жа прыйшлася не даспадобы пастаноўка чыноўнікам абласнога ўпраўленьня культуры? Галоўны герой п’есы – каваль Цішка, які паводле сваёй прафэсійнай запатрабаванасьці мусіць кантактаваць з самымі рознымі сацыяльнымі групамі – ад уладароў-паноў да простых мужыкоў. Аднак, як кажа Алег Асінавы, кожны вобраз п’есы існуе ў адпаведным падтэксьце, які сапраўды можна перанесьці на канкрэтныя беларускія рэаліі. І гэты падтэкст чыноўнікі ад культуры трактавалі як абразу беларускай улады.

Рэжысэр Маладэчанскага тэатру Андрэй Барткевіч перакананы, што ў дачыненьні да “Цішкі…” спрацаваў комплекс перасьцярогі з боку мясцовага начальства, якое пабаялася непажаданых наступстваў за “своечасова ня выяўленую пільнасьць”. Таму і вырашылі зьвярнуцца фактычна да цэнзуры.

(Барткевіч: ) “Пэўныя людзі ўбачылі ў гэтым крамолу, хоць, насамрэч, ніякай крамолы тут няма. Спэктакль проста раскрывае інстытут улады як такой. Улады, якая душыць чалавека, якая робіць зь яго нявольніка і здрадніка; калі з-за ўлады людзі разбураюць чужыя лёсы... Вось аб гэтым спэктакль. Але хтосьці зь нядобразычліўцаў убачыў тэму, якая ў нас пад забаронай. Усе напужаліся, пасьледваў шэраг тэлефанаваньняў на ўзроўні “стук-стук” і Менскае ўпраўленьне культуры запатрабавала п’есу на экспэртызу. Вось зараз сяджу, на кампутары “выганяю” ім вэрсію. Павязе ў Менск наш чалавек, будуць чытаць…”

Цягам лютага на сцэне ў Маладэчне спэктакль “Цішка слухае, альбо Казка пра тое, чаго ніколі не было” быў паказаны тройчы. Аўтары пастаноўкі прагназуюць, што ўжо ў сакавіку “Цішка…” можа быць заўчасна пахаваны.

Тым часам, ва ўпраўленьні культуры Менскага аблвыканкаму пацьвердзілі, што ў другой палове дня “Цішку…” з Маладэчна ім даставілі. Вось што з гэтай нагоды паведаміла кіраўніца ўпраўленьня Валяніціна Макарава.

(Макарава: ) “Мы павінны былі прысутнічаць падчас здачы спэктаклю, аднак нікога з нашага боку не было. Таму я папрасіла, каб далі пратакол паседжаньня мастацкага савету, які мае права прымаць п’есу да пастаноўкі нават без удзелу прадстаўнікоў Міністэрства ці ўпраўленьня культуры. Мы папрасілі пратакол і п’есу”.
XS
SM
MD
LG