Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйкавыя жарсьці на Полаччыне ня толькі не аціхлі, але набылі новы імпэт


Вінцэсь Мудроў, Полацак Страйкавыя жарсьці на Полаччыне ня толькі не аціхлі, але набылі новы імпэт. Прадпрымальнікі Полаччыны абураныя судовым прысудам Валеру Шаўчэнку. Сёньня да страйку далучыліся ўладальнікі ралетаў, якія надоечы выйшлі былі на працу.

Сёньня ад ранку было марозна, тым ня менш на цэнтральныя пляцы Полацку й Наваполацку прыйшло прадпрымальнікаў у два разы больш, чым папярэднімі днямі. Абсалютная большасьць тутэйшых дробных бізнэсоўцаў страйкуе.

Зрэшты, многім зь іх нічога іншага не застаецца, бо мясцовыя ўлады ўжо пазбавілі іх гандлёвых месцаў на рынках. Гаворыць адзін з тых полацкіх гандляроў, што засталіся бяз працы:

(Гандляр: ) “Днямі даведаліся, што больш як 80 чалавек пазбавілі гандлёвых месцаў на рынках. Мы апынуліся на вуліцы, бо для большасьці з нас гэта была асноўная крыніца даходу. Ва ўсіх на руках дзеці: я ня ведаю, як людзі будуць жыць далей?”

Ну а асноўная тэма размоваў на цэнтральных гарадзкіх пляцах: учорашні прысуд лідэру прадрымальніцкага страйку на Полаччыне Валеру Шаўчэнку. 2 сакавіка прафсаюзны актывіст завітаў на цэнтральны полацкі пляц, дзе зьбіраліся прадпрымальнікі, і атрымаў за гэта мільён рублёў штрафу. На думку страйкоўцаў прысуд гэты будзе мець далёкасяжныя наступствы:

(Прадпрымальнік: ) “Асабіста я лічу, што гэта было заказное палітычнае судзілішча”.

(Прадпрымальніца: ) “Усё гэта, відавочна, было загадзя сплянавана. Шаўчэнка прыехаў сюды хвілін на 10-15: ён проста паведаміў нам – што адбывалася ў Менску, і што казаў Кабякоў. Пакаралі яго незаслужана. Мы ўсе супраць такога прысуду і будзем дамагацца яго адмены”.

(Прадпрымальнік: ) “Тое, што мы пабачылі і пачулі ўчора, дасьць штуршок да стварэньня нейкага новага руху, які нас усіх зьяднае і, хутчэй ад усяго, вылучыць ужо не эканамічныя, а палітычныя патрабаваньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG