Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаў працаваць першы ў Беларусі гіпэрмаркет – пакупнікі расчараваныя


Юлія Шарова, Менск Гіпэрмаркет BIGZZ знаходзіцца на тэрыторыі выставачнага цэнтра “Экспабел”, што за мікрараёнам Зялёны Луг. Гэты праект ажыцьцявіла замежнае прадпрыемства “Баніяр”, якое ў будучыні мяркуе стварыць у краіне сетку зь 9 гіпэрмаркетаў. Тры зь іх будуць працаваць у сталіцы, 6 – у абласных цэнтрах.

Звонку гіпэрмаркет BIGZZ выглядае пакуль даволі блякла – вялікая белая будыніна-каробка, ля ўваходу зь левага боку шыльда з назвай крамы, над уваходам плякат: “Мы адчыніліся”. Паўсюдна бачныя сьляды нядаўніх будаўнічых работ. Унутры гіпэрмаркет нагадвае новы будынак менскага вакзала ў першыя дні працы: там сьлядоў нядаўняй прысутнасьці будаўнікоў яшчэ болей, другі паверх памяшканьня недароблены. Што да месца знаходжаньня крамы, то езьдзіць туды лепей тым, хто мае ўласную машыну, там, прынамсі, ёсьць, дзе прыпаркавацца. У адміністрацыі гіпэрмаркета, праўда, абяцаюць бліжэйшым часам дамовіцца зь Міністэрствам транспарту пра стварэньне адмысловага аўтобуснага маршруту – гэта для тых, у каго машыны няма, і хто шкадуе грошай на таксоўкі ці маршруткі. Бясплатныя аўтобусы пакупнікоў у BIGZZ вазіць ня будуць, як гэта практыкуецца ў некаторых іншых краінах. І яшчэ ў гэтым гіпэрмаркеце ў абавязковым парадку рэчы наведнікаў запакоўваюць у поліэтыленавыя пакеты: у гандлёвую залю можна прайсьці толькі з кашальком ды хіба сотавым тэлефонам.

Пакуль яшчэ паўпустыя паліцы ды яўна небагаты асартымэнт тавараў пакупнікоў крыху расчаравалі.

(Спадарыня: ) “Я прыйшла ўвогуле параўнаць, бо я была ў Польшчы ў супэрмаркеце. Ну, увогуле спадабалася, але яны яшчэ крыху не пасьпелі з цэнамі ды іншым”.

(Пэнсіянэрка: ) “Пакуль у сырым выглядзе. Абслугоўваньне цудоўнае”.

(Спадар: ) “Быў я ў Польшчы ў гэткая жа краме, а тут… Яшчэ тавары нават непрамаркіраваныя”.

(Спадарыня: ) “Уражаньне добрае. Яшчэ, канечне, няшмат тавараў, але ў прынцыпе добра, што ўсё ёсьць”.

(Спадар: ) “На сёньня крама не гатовая да прыёму наведнікаў. На шматлікіх таварах няма цэн. Ідэя неблагая, але…”

(Ягоная жонка: ) “…але мы не заўважылі, што цэны ніжэйшыя”.

(Спадар: ) “Як ва ўсіх крамах, а, можа быць, нават і вышэй”.

(Малады чалавек: ) “Адчыненыя дзьверы не паказваюць на адчынены гіпэрмаркет”.

(Спадар: ) “Пакуль ня вельмі добрае ўражаньне, у параўнаньні зь Беластокам і Варшавай асартымэнт вельмі слабенькі, тавары не загружаныя. Мне падаецца, ранавата яны гэта зрабілі. Уражаньне змазанае аказалася”.

Начальнік упраўленьня дэпартамэнту маркетынгу гіпэрмаркета BIGZZ Анжаліка Таўстых у інтэрвію Свабодзе выказала меркаваньне, што насамрэч крама цалкам гатовая для прыёму наведнікаў, і да 17 сакавіка ўсе дробныя хібы будуць ліквідаваныя.

(Таўстых: ) “17-га у нас афіцыйная цырымонія адкрыцьця. Гэта значыць, што ў нас усе тавары будуць прамаркіраваныя, усё будзе ў поўным парадку. Насамрэч мы вырашылі адчыніцца, бо за час будаўніцтва гіпэрмаркета вялікая колькасьць наведнікаў рынкаў “Экспабел” і “Аквабел” прыходзілі, пыталіся”.
XS
SM
MD
LG