Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СНІДафобія на Менскіх дыскатэках – ці маюць чуткі пад сабой глебу?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Менская моладзь, якая любіць бавіць час ў дыскатэках, напалоханая чуткамі: нібыта на дыскатэках зламысьнікі праз уколы шпрыцамі заражаюць наведвальнікаў СНІДам.

У студэнткі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Машы ёсьць сяброўка , якая падзялілася навіной пра тое, што яе знаёмую заразілі СНІДам на дыскатэцы. Паводле Машы, нібыта ўсё адбывалася наступным чынам.

(Маша: ) “Быццам яе кальнулі шпрыцам ў сьпіну, але яна была нападпітку і не асабліва зьвярнула ўвагу. А калі вярнулася з дыскатэкі дамоў, знайшла ў сумцы запіску: “Цяпер ты з намі”. А потым яе праверылі дактары і знайшлі, што ў яе вірус.“

Адміністратар моднай менскай дыскатэкі Юры пагадзіўся пракамэнтаваць гэтыя зьвесткі , але толькі на ўмовах ананімнасьці. Яму забаронена называць сваю дыскатэку, бо там баяцца, што наведнікаў будзе яшчэ меней. Месяц таму штодня на дыскатэку прыходзіла каля 500 чалавек, цяпер толькі палова ад гэтай нормы. І ўсё з-за чутак пра наўмысныя заражэньні СНІДам праз уколы, ў якія мой субяседнік асабіста ня верыць. Але з гэтымі чуткамі яму даводзіцца лічыцца.

(Юры: ) “Так, гэта адбілася. Баяцца хадзіць. Пачалася спідафобія. Асабліва яна ўласьцівая падлеткам.”

Юры ведае становішча на большасьці з 20 менскіх дыскатэк і кажа, што там адбываецца тое ж самае. Паводле Юр’я, на іх дыскатэцы апошнім часам ўзмацнілі кантроль за наведнікамі, але зьменшыць боязь перад невядомымі распаўсюджвальнікамі СНІДу пакуль не ўдалося. Толькі ці сапраўды яны існуюць?

У Міністэрстве ўнутраных спраў запэўнілі, што ніхто не зьвяртаўся ў міліцыю са скаргамі на наўмыснае заражэньне СНІДам на дыскатэцы. У Рэспубліканскім цэнтры эпідэміялёгіі такіх выпадкаў таксама ня ведаюць і ўвогуле там лічаць, што ёсьць толькі тэарэтычная магчымасьць праз вопратку заразіць чалавека шпрыцам. А адміністратар менскай дыскатэкі Юры дадаў, што кожнага наведніка яны праводзяць праз рамку мэталашукальніка, і таму пранесьці шпрыц на дыскатэку немагчыма. Аднак аматар дыскатэк студэнт Аляксандр адносна здольнасьцяў мэталашукльнікаў мае іншае меркаваньне.

(Аляксандр: ) “Мы, здараецца, ходзім з сябрамі на дыскатэкі, але ніколі мэталушакальнікі не давалі сыгналу, калі нас правяралі. Хаця ў нашых кішэнях было ўсяго дастаткова – прыкладам, ключоў. І ахоўнікі нас ніколі не спынялі.”

Аляксандр верыць ў тое, што яму распавялі сябры пра заражэньні СНІДам на дыскатэках. А заявы міліцыі, што нібыта ніхто з пацярпелых са скаргамі не ьвяртаўся, для яго не аргумэнт.

(Аляксандр: ) “Наколькі мне вядома, пасьля таго, што здарылася, гэтая дзяўчына ў шоку і ёй не да таго, каб ісьці ў міліцыю ці невядома каму помсьціць.”

Незалежны юрыст Сяргей Балыкін , калі я зьвярнуўся да яго па камэнтар да гэтай сытуацыі, нагадаў пра 157 артыкул Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за наўмыснае заражэньне СНІДам. За такое злачынства можна атрымаць ад 5 да 12 гадоў зьняволеньня. “Такім чынам, заканадаўчая база для барацьбы з падобнымі злачынствамі дастатковая,” – лічыць Сяргей Балыкін. Аднак пры гэтым ён не выключае, што ня ўсе падобныя злачынствы ўдаецца раскрыць і таму міліцыянты не заўсёды шчырыя ў сваіх справаздачах.

(Балыкін: ) “Ад савецкіх часоў праца нашай міліцыі вымяраецца праз статыстыку – таму, каб не псаваць гэтую статыстыку, пэўная частка злачынстваў замоўчваецца.”

Між тым, чуткі пра тое, што некаторыя менскія дыскатэкі закрыліся ў сувязі з пагрозай для наведнікаў, не пацьвердзіліся.
XS
SM
MD
LG