Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя беларускіх палітыкаў на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту


Аелсь Дашчынскі, Менск Наш карэспандэнт зьвярнуўся да актывістаў БНФ, АГП і дэпутата Палаты Прадстаўнікоў

Прэсавы сакратар партыі БНФ Юрась Зянковіч лічыць, што заява паспрыяе паскарэньню працэсаў дэмакратызацыі ў Беларусі.

(Зянковіч: ) ”Гэта станоўчы крок, які сьведчыць пра актывізацыю эўрапейскай пазыцыі ў дачыненьні да сытуацыі, якая склалася сёньня ў Беларусі. Эўрапарлямэнт гэта даволі ўплывовы орган улады ў Эўрапейскім зьвязе, і, безумоўна, прыняцьце такіх рэзалюцый будзе мець наступствам фармаваньне адпаведнай палітыкі з боку краінаў-сябраў Эўрапейскага зьвязу, таму я лічу, што прыняцьце такой рэзалюцыі – гэта вельмі важная падзея для жыцьця нашай краіны, яна паспрыяе паскарэньню працэсаў дэмакратызацыі ў Беларусі.”

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава лічыць, што радыкальнага значэньня для ўнутранага становішча ў краіне гэты дакумэнт мець не будзе. (Абрамава: ) ”Гэта хутчэй нейкі знак дзеяньняў, адмашка тым палітычным сілам, якія стаяць на апазыцыйных пазыцыях. Гэта знак падтрымкі, які падаецца такім чынам, хаця я не лічу, што гэтая кваліфікацыя адпавядае цалкам таму, што ў рэальнасьці адбываецца ўнутры краіны. У Беларусі няма дыктатуры, у Беларусі ёсьць жорсткі аўтарытарны рэжым.”

Вольга Абрамава не выключае ўплыву гэтай рэзалюцыі на ўспрыняцьце Беларусі на зьнешніх рынках.

Актывіст АГП Аляксандар Дабравольскі лічыць, што рэзалюцыя банальная, бо ўсё, што там напісана, усе добра ведаюць.

(Дабравольскі: ) ”Але важна тое, што гэта канстатавана на такім высокім прадстаўнічым узроўні. Калі палічыць, то ёсьць шмат падобных дакумэнтаў эўрапейскіх краін, але гэта ўжо агульнаэўрапейскі дакумэнт. Ну і, акрамя таго, гэта ўсё мае маральны сэнс, сама па сабе справа замежных рахункаў рэжыму Лукашэнкі выкліча, напэўна, вялікую злосьць у рэжыму. Пра тыя грошы, якія яны вывезьлі на Захад, яны гаварыць ня будуць, тым ня менш, калі будуць сапраўдныя спробы гэта знайсьці, то знайсьці гэта можна.”
XS
SM
MD
LG