Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды ў Полацку будзе драматычны тэатар


Вінцэсь Мудроў, Полацак Днямі адразу некалькі афіцыйных СМІ паведамілі пра тое, што неўзабаве ў старажытным Полацку пачне працаваць прафэсійны драмтэатар. Тэму стварэньня тэатру ў старажытнай беларускай сталіцы дасьледаваў наш карэспандэнт.

Пачну, казаў той, здалёк, а менавіта з пачатку дзевяностых. Тады, на хвалі нацыянальнага адраджэньня, узьнікла ідэя стварэньня ў шэрагу правінцыйных местаў – такіх, як Маладэчна, Слонім, Мазыр, Полацак, – нацыянальных беларускамоўных драматычных тэатраў. Ня буду казаць за ўсе згаданыя месты, скажу пра Полацак. Пра тое, што да стварэньня тут паўнавартаснага тэатру пакуль што вельмі і вельмі далёка. Праўда, сёе-тое робіцца.

Так, 6 верасьня 2003 года, спэктаклем “П’емонцкі зьвер” маладога драматурга Андрэя Курэйчыка распачала сваю працу гарадзкая філія Беларускага нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. Месцам ладжаньня спэктакляў віцебскай тэатральнай трупы была абраная сцэна гарадзкога дома культуры. Праўда, аж да гэтай пары філія не набыла свайго афіцыйнага статусу і ў Полацку, па-сутнасьці, працуе ня філія тэатру, а звычайная сцэнічная пляцоўка: акторы прыяжджаюць, ставяць спэктакль, і тут жа зьяжджаюць. Што ж датычыць будаўніцтва будынку тэатра, дык пра тое на сёньня нават няма гаворкі.

Як часта ідуць спэктаклі і ці робіцца што ў горадзе дзеля прапаганды тэатральнага мастацтва? Гэтае пытаньне я задаў адміністратару тэатра імя Якуба Коласа Алене Карэлінай, якая загадвае полацкай філіяй.

(Кареліна: ) “У гэтым тэатральным сэзоне у нашай Полацкай філіі Беларускага нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа спэктаклі ідуць два разы на месяц – як для дзяцей, так і для дарослых. Ладзяцца таксама тэатральныя ўрокі для старшаклясьнікаў. Урокі наведваюць каля двухсот юнакоў і дзяўчат”.

Заўважу ў працяг, што ўрэшце будынак – гэта не галоўнае ў тэатры. Спэктаклі можна ладзіць і ў падвале. Галоўнае – тэатральная трупа, калектыў прафэсійных актораў. Нарэшце, наяўнасьць таленавітых рэжысёраў. Нічога гэтага пакуль што няма, а таму рэляцыі аб хуткім адкрыцьці ў Полацку прафэсійнага тэатру зьявіліся відавочна зарана.

Актуальным выглядае і пытаньне: а хто ў Полацку будзе хадзіць у тэатар. З праблемай запаўненьня глядзельнае залі сутыкаюцца ня толькі правінцыйныя, але й сталічныя тэатры. Так што ў нашых умовах тэатар мусіць пачынацца ня з шатні, а з выхаваньня дасьведчанага гледача. І ў гэтым пляне слушнай уяўляецца думка Алены Карэлінай:

(Карэліна: ) “Калі ўжо ў Полацку адчыняць прафэсійны тэатар, дык гэта, на мой погляд, мусіць быць тэатар юнага гледача. Такім чынам, мы зможам узьняць культурны ўзровень маладога пакаленьня і выхаваць тэатральнага гледача. Спадзяюся, што Полацак, які славуты сваёй гісторыяй, будзе таксама славуты сваімі тэатральнымі традыцыямі. Людзі будуць ехаць сюды ня толькі каб паглядзець на гістарычныя помнікі, але і каб убачыць тэатральную падзею”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG