Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У жаночай калёніі ў Гомелі – масавае атручваньне асуджаных


Казімер Яноўскі, Гомель У жаночай калёніі УЖ-15/4, што разьмешчаная ў Гомелі на вуліцы Антошкіна, шпіталізаваныя дзесяткі асуджаных жанчын. Санітарная служба высьвятляе прычыну нечаканага захворваньня. З Гомелю перадае наш карэспандэнт.

Асуджаныя жанчыны шпіталізаваны ва ўнутранай мэдсанчастцы вязьніцы. Сымптомы ва ўсіх мала чым адрозьніваюцца: жанчыны пакутуюць на галаўны боль, высокую тэмпэратуру і ванітаваньне.

Начальніца калёніі Сьвятлана Паходава не называе мэдыям дакладную колькасьць хворых, кажа толькі, што іх шмат.

Паводле зьвестак намесьніка абласнога пракурора Івана Гузарэвіча, у калёніі шпіталізавана ўжо як найменей сотня асуджаных жанчын.

Гаворка сёньня вялася нават пра разгортваньне ў калёніі адмысловага перасоўнага шпіталю альбо накіраваньні асуджаных на лячэньне ў гарадзкі інфэкцыйны шпіталь.

У вязьніцы ёсьць свая ўнутраная мэдычная служба. Акурат яна і кіраўніцтва калёніі запрасілі дапамогі ў абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі ў справе высьвятленьня прычынаў нечаканага захворваньня асуджаных жанчын.

Галоўны ўрач цэнтру Віктар Нараленкаў пацьвердзіў, што іхнія лябаранты ўзялі шмат пробаў у жаночай вязьніцы. Дасьледуюцца паўтара дзесятка найменьняў прадуктаў харчаваньня, якія выкарыстоўваліся для прыгатаваньня ежы.

Што выклікала захворваньне – нейкая кішэчная інфэкцыя ці звычайны побытавы бруд, будзе вядома ў бліжэйшыя два тры-дні, пасьля атрыманьня цэнтрам гігіены і эпідэміялёгіі вынікаў адмысловых дасьледаваньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG