Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іншаземная Беларусь – замежнікі адкрываюць для сябе новую Беларусь


Севярын Квяткоўскі, Менск Беларушчына як цуд, які аднойчы адкрыўся, як цікавінка, якая ператварылася ў хобі і нават прафэсію. Героі рэпартажу карэспандэнта “Свабоды” – жыхары суседніх дзяржаваў, якія нядаўна адкрылі для Беларусь і захапіліся мовай, культурай і гісторыяй краіны.

(Знык: ) “Ведаў, што ёсьць такі край. Але нічога пра яго ня ведаў”.

Гісторыя польскага бізнэсоўца Ігара Зныка зьвязаная са шлюбам.

Паехаў у Бабруйск на вясельле свайго прыяцеля і там сярод гасьцей пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Кола беларускіх знаёмцаў у Польшчы пашырылася:

(Знык: ) “Першае, што я чуў – гэта быў “Народны Альбом”. Дзесьці я знайшоў касэтку, і гэта мне вельмі спадабалася. Пасьля я быў у Варшаве на канцэрце Касі Камоцкай. Там сустрэўся зь беларусамі, ну і так пачалося”.

Першай справай сталася леташняе запрашэньне навучэнцаў “Коласаўскага” ліцэю. Гнаныя ліцэісты два разы спрабавалі зладзіць прэзэнтацыю свайго кампакт-дыску ў Беларусі, але ўрэшце сьпярша выступілі ў Польшчы. Далей былі польскія выступы Касі Камоцкай і прэзэнтацыя фільму Віктара Корзуна “Вяртаньне” – пра пахаваньне Васіля Быкава. І, нарэшце, супольна з варшаўскай грамадзкай арганізацыяй “Інстытут беларускай культуры” – беларускія калядкі з удзелам гурту “Палац”, а таксама выступ Віктара Шалкевіча:

(Знык: ) “Гэта маё хобі. Я стараюся арганізоўваць канцэрты ды іншыя мерапрыемствы. Калі трэба, тады дапамагаю матэрыяльна”.

А наперадзе новыя праекты, у тым ліку канцэрт “Народнага Альбому”.

***

Гісторыя 22-гадовага Паўла Зулюка пачалася зь дзіцячай кніжкі, якую бацька прывёз з камандзіроўкі ў Менск.

(Зулюк: ) “Потым у Беларусі былі масавыя выступы апазыцыі. Іх вельмі часта паказвалі па тэлевізары ў 1990-х гадох. Гэта было ўсё вельмі цікава. У нас ва Ўкраіне было неяк сумна, а там было відаць, што людзі змагаюцца. Я хадзіў на пікетаваньне беларускай амбасады”.

Далей дапамог інтэрнэт. На адным з украінскіх апазыцыйных сайтаў Паўло пабачыў банэр руху “Зубр”. Адначасова яму трапіла ў рукі касэта з запісам гурту “NRM”.

(Зулюк: ) “NRM” сапраўды цудоўны гурт. Ва Ўкраіне я ня ведаю аналягаў такога файнага спалучэньня музыкі і тэкстаў”.

Далей – паездкі ў Беларусь і знаёмствы з носьбітамі беларускіх ідэяў і беларускай мовы:

(Зулюк: ) “Вось так, пакрыху, пакрыху вывучыў беларускую мову”.

Вядомы ў сеціве пад псэўданімам Bandera-forever, Паўло Зулюк робіць інтэрнэт-старонку фан-клюбу гурту “NRM”.

***

(Кацярына: ) “Мне вельмі падабаецца вывучэньне гэтай мовы. Я расейка, але я вывучаю гэтую мову. Тое, што жыхары не гавораць на гэтай мове, мяне вельмі зьдзівіла, і “огорчило” – забылася, як па-беларуску”.

Студэнтка Бранскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Кацярына рыхтуецца стаць прафэсійным знаўцам Беларусі. Тры гады таму на юрыдычным факультэце ўнівэрсытэту адкрылася аддзяленьне рэгіёназнаўства. Веданьне Беларусі будзе мець для студэнтаў прыкладное значэньне. Там вывучаюць краіны былога сацлягеру, а таксама былыя рэспублікі СССР. З факультэту маюць выйсьці дыпляматы, мытнікі альбо спэцыялісты ў турызьме. У Бранску выкладаюць комплексную інфармацыю пра краіну: палітыка, эканоміка, культура, гісторыя, сучаснасьць, мова. Беларусьсю зацікавілася два дзясяткі чалавек: усе этнічныя расейцы, якія перад навучаньнем ніколі не былі ў Беларусі.

(Яфімава: ) “Яны цікавяцца і палітычным становішчам. Я ім стараюся паказаць розныя бакі жыцьця Беларусі. Каб гэта не была толькі афіцыйная пазыцыя. Каб яны сабе ўяўлялі шматграннасьць Беларусі”.

Тлумачыць Алена Яфімава, выкладчыца бранскіх студэнтаў – палітычна-сацыяльных беларусазнаўцаў. Алена Яфімава – этнічная беларуска, выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, але апошнія дзесяць гадоў жыве ў Расеі. У навучаньні студэнтаў Алене Яфімавай дапамагаюць запрошаныя выкладчыкі Гомельскага ўнівэрсытэту:

(Яфімава: ) “Бачыце, мне крыху лягчэй, бо ў мяне расейскае грамадзянства. А ў гомельскіх выкладчыкаў беларускае грамадзянства. Мабыць, яны адчуваюць, што не ад сябе лекцыі чытаюць, а як прадстаўнікі краіны. І таму больш зьвяртаюць увагу на афіцыйнае. Але падкрэсьліваюць, што ня ўсё так адназначна”.

Студэнты Алены Яфімавай ведаюць пра гістарычныя працы Міколы Ермаловіча, пра тарашкевіцу і пра сучасны культурніцкі андэграўнд Беларусі. Але карыстаюцца тымі матэрыяламі, што ёсьць пад рукой, альбо, як кажуць, што Бог пашле.

У кожным разе, студэнтаў Бранскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, гэтаксама як паляка Ігара Зныка, украінца Паўла Зулюка і сотняў іншых замежнікаў, яшчэ чакаюць цудоўныя адкрыцьці Беларушчыны. Такіх здабыткаў будзе тым болей, чым болей да захапленьня герояў гэтага рэпартажу далучыцца саміх беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG