Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пачаўся візыт у Менск кіраўніка прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Увечары 10 сакавіка ў Менск прыбыў амбасадар Йен Боўг, які ўзначальвае прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі. Ангельскі дыплямат прыляцеў з Кіева, дзе стала месьціцца офіс Эўракамісіі, які адказвае за сувязі адразу з трыма краінамі СНД – Беларусьсю, Малдовай ды Ўкраінай.

Як удакладнілі ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі, рэгіянальнае прадстаўніцтва Эўракамісіі паводле свайго статусу прыроўненае да замежнай дыпляматычнай місіі, амбасады. Таму спадар Боўг, якога Эўракамісія нядаўна зацьвердзіла на гэтую пасаду, мусіць перадусім уручыць копіі сваіх даверчых лістоў міністру замежных справаў Беларусі Сяргею Мартынаву. Гэтая працэдура заплянаваная на 11 сакавіка.

10 сакавіка спадар Боўг сустракаўся з прадстаўнікамі некаторых міжнародных арганізацыяў, якія маюць свае прадстаўніцтвы ў Беларусі, а таксама з групай замежных дыпляматаў, якія стала працуюць у Беларусі.

Паводле зьвестак з дыпляматычных крыніцаў, кіеўскі офіс Эўракамісіі найбліжэйшым часам можа быць рэарганізаваны. Эўракамісія ўжо ўзгадніла з урадам Малдовы афіцыйнае адкрыцьцё свайго прадстаўніцтва ў Кішынёве. Таму аналітыкі ў Менску лічаць, што спадар Боўг будзе непасрэдна вывучаць сытуацыю ў Беларусі – ці магчыма мець і тут паўнавартаснае прадстаўніцтва.

Уладзімер Нісьцюк, які ўваходзіў у склад сталай дэлегацыі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, лічыць, што і Эўразьвязу, і беларускай апазыцыі выгадна, каб менавіта ў Менску пачало функцыянаваць сталае прадстаўніцтва Эўракамісіі. Бяз штодзённай інфармацыі зь першых рук цяжка вырашаць сур’ёзныя пытаньні, немагчыма мець пэўны уплыў на сытуацыю ў краіне, сьцьвярджае беларускі палітык.

(Нісьцюк: ) “Па-другое, праблема далёкасьці. Калі офіс працуе ў Кіеве, дык мне гэта нагадвае прымаўку – "...у Кіеве дзядзька". Калі ёсьць у Кіеве, напрыклад, прадстаўніцтва фонду Фрыдрыха Эбэрта, дык яно ёсьць і ў Менску. І тады ўсё гэта вельмі разумна каардынуецца й робіцца – існуюць дыфэрэнцаваныя адносіны да Беларусі. А калі будзе прадстаўніцтва Эўракамісіі толькі ў Кіеве, ну, дык нас будуць запрашаць, можа, на нейкія сэмінары, яшчэ на нейкую вучобу. І мне бачыцца, што гэта будзе зусім непатрэбная справа”.
XS
SM
MD
LG