Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўнага сьвятара судзяць за “несанкцыяваныя сходы”


Алег Супрунюк, Берасьце У судах Берасьця і Пружанаў 10 сакавіка разглядаліся адразу дзьве справы ў адносінах да праваслаўнага сьвятара айца Іаана Грудніцкага. Яны тычыліся складзеных на яго адміністратыўных пратаколаў за арганізацыю несанкцыянаванага сходу вернікаў і ўдзел у рэлігійных мерапрыемстваў у часе пахаваньня аднаго з прыхаджанаў.

Абодва выпадкі здарыліся ў паселішчы Ружаны, дзе ўжо больш за два гады цягнецца канфлікт паміж мясцовымі вернікамі і сьвятарамі Петра-Паўлаўскай праваслаўнай царквы. Частка вернікаў адмаўляецца наведваць храм, пакуль ім ня будзе паведамлена: куды з царквы зьніклі каштоўныя іконы ды іншыя рэчы? Кіраўніцтва Берасьцейскай эпархіі і праваахоўных органаў на гэтае пытаньне адказу не даюць.

Апошнім часам вернікі ў Ружанах зьбіраюцца на малітвы ў жылым будынку і запрашаюць берасьцейскага сьвятара айца Іаана Грудніцкага. Паводле словаў айца Іаана, правядзеньню богаслужэньняў чыняцца перашкоды і адбываецца гэта пасьля ўмяшальніцтва кіраўніка Берасьцейскай эпархіі Іаана Хамы.

(Грудніцкі: ) “Праваахоўныя і дзяржаўныя органы разам зь ім [айцом Іаанам Хамам] робяць ціск на мяне. Складаюцца пратаколы, каб прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасьці. Ужо ёсьць адно рашэньне суду, паводле якога я павінен сплаціць штраф у 20 мінімальных заробкаў. Зараз у Пружанах рыхтуецца рашэньне, каб спагнаць зь мяне 300 мінімальных заробкаў. Гэта супрацьзаконна. Ідзе экспансія, не зразумелая нікому”.

У Берасьцейскай праваслаўнай эпархіі адмовіліся камэнтаваць сытуацыю, спаслаўшыся на тое, што справы царквы аддзеленыя ад дзяржаўных, а айцец Іаан Грудніцкі пазбаўлены права весьці службу.

Рашэньня ў гэтых дзьвюх справах у адносінах да спадара Грудніцкага сёньня абвешчана не было: судзьдзі запатрабавалі дадатковыя зьвесткі пра склад правапарушэньняў з боку сьвятара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG