Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На месца трэнэра хакейнай зборнай Беларусі прэтэндуе трэнэр НХЛ з Канады


Ігар Карней, Менск Адным з кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай Беларусі ў хакеі разглядаецца колісь вядомы брамнік розных канадыйскіх камандаў Глен Хэнлан. Аднак толькі на паседжаньні Беларускай фэдэрацыі хакею 12 сакавіка будзе абвешчана, хто зойме месца Міхаіла Захарава, трэнерскі лёс якога фактычна ўжо вырашаны.

Нягледзячы на тое, што ўжо праз паўтара месяцы ў Аўстрыі стартуе хакейны чэмпіянат сьвету, Беларуская фэдэрацыя хакею рашуча настроеная памяняць трэнэра. Прычынай – правальны выступ падначаленых Міхаіла Захарава ў Рызе, калі падчас адборачнага турніру, у апошнім матчы беларусы за некалькі хвілінаў да фінальнай сырэны прапусьцілі запар тры шайбы і, адпаведна, пазбавіліся шанцаў патрапіць на Алімпійскія гульні-2006.

Пасьля сэрыі ўзаемных абвінавачаньняў галоўны трэнэр напісаў заяву аб звальненьні, і кіраўнік фэдэрацыі, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў у шматлікіх інтэрвію пацьвердзіў, што пакідаць Захарава на выпрабавальны тэрмін не зьбіраецца.

Хто ўзначаліць зборную пасьля звальненьня Захарава? Як паведамілі ў Беларускай фэдэрацыі хакею, за некалькі дзён да паседжаньня выканкаму разглядаюцца некалькі кандыдатур, але самая нечаканая – Глен Хэнлан, канадыйскі адмыслоўца, які леташні сэзон у НХЛ працаваў з амэрыканскім клюбам “Вашынгтон Кэпіталз”.

У зьвязку з лакаўтам (страйк хакейстаў) у Паўночна-Амэрыканскай хакейнай лізе без сталага занятку засталіся тысячы хакеістаў і трэнэраў, і дзякуючы гэтаму, магчыма, зьдзейсьніцца мара беларускіх спартовых чыноўнікаў – запрасіць у Менск якога-небудзь аўтарытэтнага “энхаэлаўца”.

Прадстаўнік Беларускай фэдэрацыі хакею Сьвятаслаў Кісялёў пацьвердзіў, што кандыдатура Хэнлана сапраўды разглядаецца сярод прэтэндэнтаў на пасаду трэнэра.

(Кісялёў: ) “Пакуль ён разглядаецца як кандыдат. Пасьлязаўтра, у суботу, адбудзецца выканкам фэдэрацыі хакею, і да паседжаньня мы ўвогуле імкнуліся гэта не агалошваць. Але інфармацыя нейкім чынам праскочыла, “пайшла гуляць...”. Разглядаюцца розныя кандыдатуры, але пакуль пра гэта гаварыць рана”.

Я пацікавіўся: ці застаецца верагоднасьць таго, што канадыйскі спэцыяліст у выпадку, калі выканкам фэдэрацыі ўхваліць яго кандыдатуру, і самога Хэнлана задаволіць матэрыяльныя ўмовы кантракту, узначаліць зборную Беларусі ўжо на маючым адбыцца чэмпіянаце сьвету ў Аўстрыі?

Сьвятаслаў Кісялёў сказаў, што, прынамсі, у Менск канадыец прыехаць зьбіраецца: іншая справа – як хутка ў такой справе можна дамовіцца.

(Кісялёў: ) “Прыехаць сюды ён зьбіраецца. Але не да суботы. Лепш увогуле пачакаць вынікаў суботняга выканкаму фэдэрацыі, тады ўсім адразу лягчэй стане”.

Калі канадыец сапраўды будзе прызначаны галоўным трэнэрам зборнай Беларусі, для краінаў СНД гэта будзе першы прыклад удалых перамоваў з заакіянскім адмыслоўцам. А з улікам, што хакей ў Беларусі на асаблівым рахунку, а сам Лукашэнка нават выступаў за зборную Беларусі на калядным хакейным турніры ў Менску, на станоўчы сыход перамоваў можна спадзявацца зь вялікай доляй верагоднасьці.
XS
SM
MD
LG