Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларусаў новыя прэтэнзіі да расейскага “Транснафтапрадукту”


Казімер Яноўскі, Гомель Падатковая інспэкцыя Мазыра прад`явіла новыя прэтэнзіі да прыватнага расейскага прадпрыемства “Захад-Транснафтапрадукт”. Гэтым разам інспэкцыя патрабуе прызнаць безгаспадарнымі 26 тысячаў тон дызэльнага паліва, якое знаходзіцца на балянсе прадпрыемства. У разгляд справы сёньня ўключыўся Гомельскі абласны суд.

Калегія грамадзянскіх справаў абласнога суду забавязала сёньня Мазырскі суд разгледзець два пазовы падатковай інспэкцыі наконт прызнаньня безгаспадарнымі 26 тысячаў тон дызэльнага паліва. Гэтае паліва знаходзіцца на балянсе прадпрыемства і каштуе звыш 15 мільёнаў даляраў.

Дырэктар “Захад-Транснафтапрадукту” Мікалай Альхімовіч патлумачыў суду, што прэтэнзіі Мазырскай падатковай інспэкцыі беспадстаўныя. Справа распачатая з падачы супрацоўнікаў рэгіянальнай управы КДБ.

Паводле Альхімовіча і ягоных калегаў, улетку 1995 году галаўная расейская кампанія “Транснафтапрадукт” купіла ў фірмы “Gentech LTD” не 26, а ўсяго 13 тысячаў тон дызэльнага паліва. Продаж ажыцьцяўляўся праз Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Паліва знаходзіцца ў сыстэме трубаправодаў і ўжо амаль 10 гадоў выконвае тэхналягічную функцыю хуткай дастаўкі нафтапрадуктаў заходнім ды ўсім іншым спажыўцам.

Падатковая інспэкцыя не ўказвае нават, у чыё карыстаньне вярнуць так званае безгаспадарнае паліва з трубаправоду.

(Альхімовіч: ) “Я камэнтаваць гэта, шчыра кажу, ня хочу. Усё высмактана з пальца. Маразм”! – заяўляе наконт прэтэнзіяў падатковай інспэкцыі дырэктар “Захад-Транснафтапрадукту” спадар Альхімовіч.

1 сакавіка гаспадарчы суд Гомельскай вобласьці пакінуў без разгляду папярэдні пазоў падатковай інспэкцыі Мазыра пра спагнаньне буйнога штрафу з прадпрыемства “Захад-Транснафтапрадукт” за дзейнасьць без рэгістрацыі. Справа цягнулася паўтары гады. Прэтэнзіі зьняты пасьля падпісаньня і ратыфікацыі беларуска-расейскага міжнароднага пагадненьня наконт прызнаньня магістральных прадуктаправодаў, што пракладзены на тэрыторыі Беларусі, уласнасьцю Расеі.

І цяпер вось новы пазоў, сума якога перавышае ранейшы на 3 мільёны даляраў. Пазоў гэты Мазырскі суд будзе разглядаць напрыканцы сакавіка альбо ўжо ў красавіку.
XS
SM
MD
LG