Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўрапарлямэнт ухваліў рэзалюцыю па Беларусі, назваў Лукашэнку "дыктатарам"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня Эўрапейскі парлямэнт ўхваліў рэзалюцыю ў справе палітычных зьняволеных у Беларусі. Рэзалюцыя ўтрымлівае больш за 20 пунктаў і тычыцца ня толькі палітзьняволеных, але таксама і агульнай сытуацыі ў Беларусі. У рэзалюцыі палітычны рэжым у Беларусі ўпершыню названы дыктатурай, а сам кіраўнік краіны дыктатарам. За абмеркаваньнем рэзалюцыі ў Эўрапарлямэнце сачыў наш карэспандэнт.

У Рэзалюцыі дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі беларускія ўлады сярод іншага неадкладна вызваліць Міхаіла Марыніча, Валерыя Леванеўскага, Александра Васільева, іншых палітзьняволеных, а таксама прафэсара Юрыя Бандажэўскага ды расьсьледаваць справы зьніклых беларускіх палітыкаў.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да ўладаў Эўразьвязу знайсьці і замарозіць замежныя рахункі Аляксандра Лукашэнкі, стварыць незалежнае радыё і тэлебачаньне для Беларусі, фонд падтрымкі для сем’яў палітычных вязьняў, дапамагчы беларускім студэнтам, выключаным зь беларускіх ВНУ з апалітычную дзейнасьць, ды іншыя.

У часе дэбатаў над праектам Рэзалюцыі выступоўцы заклікалі Эўрапейскую камісію неадкладна займацца асабліва тымі пунктамі дакумэнту, якія тычацца патрабаваньняў вызваліць палітычных вязьняў.

Дэпутатат Польшчы Марцін Лібіцкі:

(Лібіцкі: ) “Сёньня мы адказныя за тое, каб абараніць права беларусаў на сапраўдную незалежнасьць, а не ўяўную, кантраляваную Лукашэнкам і ягонымі апекунамі. Лукашэнка змагаецца супраць свайго народу і ягонай культуры. Заклікаю падтрымаць беларускі народ, падтрымаць ягоную свабоду”.

Дэпутатка ад Нямеччыны Элізабэт Шродтэр:

(Шродтэр: ) “Шаноўнае спадарства, калі людзей перасьледуюць і арыштоўваюць толькі за тое, што яны думаюць інакш, дык гаворка ідзе пра ўладу страху, пра дыктатуру, бо менавіта такі рэжым пануе цяпер у Беларусі”.

Адзін з дэпутатаў згадаў нават пра часы Вялікага Княства Літоўскага і вунію гэтай краіны з Польскім каралеўствам: глядзіце літоўцы і палякі тут, побач з намі, “чаму ж мы тады глядзім на беларусаў, як на людзей з космасу”

Рэзалюцыю Эўрапейскага парлямэнту трэба разглядаць як рэкамэндацыю для Эўрапейскай камісіі аб тым, што трэба зрабіць у справе дачыненьняў зь Беларусьсю. Тым ня менш, як заявіў нашаму радыё адзін з аўтараў гэтага дакумэнту – кіраўнік дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах Беларусі Богдан Кліх, рэзалюцыя мае значную вагу.

(Кліх: ) “Важна тое, што гэтая рэзалюцыя ёсьць. Гэта ўжо трэцяя рэзалюцыя Эўрапейскага парлямэнту ў справе Беларусі, што сьведчыць аб вялікай зацікаўленасьці парлямэнту сытуацыяй у Беларусі. Падкрэсьлю таксама, што рэзалюцыя была падрыхтаваная вельмі хутка і яе падтрымліваюць усе без выключэньня фракцыі. Пасьля аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне, Эўрапарлямэнт у значна большай ступені разумее значэньне беларускіх справаў”.

У рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту беларускі рэжым упершыню названы “дыктатарскім”, а сам кіраўнік краіны “дыктатарам”.
XS
SM
MD
LG