Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістку “Зубра” выкінулі зь пятага курсу ўнівэрсытэту


Любоў Лунёва, Менск Актывістку моладзевага руху “Зубр” Ірыну Тоўсьцік адлічылі з апошняга курсу пэдунівэрсытэту. Ірына заяўляе Радыё Свабода, што на рашэньне адміністрацыі паўплывала яе актыўная грамадзка-палітычная дзейнасьць. Кіраўніцтва ўнівэрсытэту адмаўляе палітычныя прычыны выключэньня студэнткі.

Ірына Тоўсьцік заявіла Радыё Свабода, што загад аб адлічэньні ня стаўся для яе нечаканасьцю. Паводле Ірыны, дэкан факультэта філялёгіі і культуры Аляксандр Лугоўскі неаднаразова выклікаў яе і прасіў спыніць дзейнасьць у моладзевым руху “Зубр”.

Пасьля таго, як зь міліцыі прыйшлі дакумэнты аб затрыманьнях Ірыны на не санкцыянаваных уладамі вулічных акцыях пратэсту, дэкан тэлефанаваў яе бацькам і прасіў, каб тыя паўплывалі на дачку. Але Ірына сваю дзейнасьць не спыніла. Яна лічыць, што ўлады не дапусьцяць такога настаўніка, як яна, у школу.

(Тоўсьцік: ) “Маё адлічэньне было менавіта па палітычных матывах. Мяне неаднаразова затрымлівалі. Пасьля гэтага дэкан тэлефанаваў маім бацькам і прасіў паўплываць на мяне. Дэкан і мяне неаднаразова выклікаў і папярэджваў, што мая палітычная дзейнасьць можа мець для мяне самыя кепскія наступствы. У мяне былі запазычанасьці. Я хварэла і мне падоўжылі сэсію. Аднак, усё рабілася для таго, каб я яе не здала. Папросту расьцягваліся экзамэны, бо яны ведаюць, што я б іх усё роўна здала. З фармулёўкай “за палітычную дзейнасьць” мяне не маглі выключыць.”

Кіраўнік ўпраўленьня выхаваўчай працы з моладзьдзю Пэдунівэрсытэту Аляксандр Ігнатчык абвяргае палітычныя прычыны выключэньня студэнткі, якая добра вучылася, з апошняга курсу ўнівэрсытэту. Але ён лічыць, што сумяшчаць апазыцыйную дзейнасьць з навучаньнем у дзяржаўнай установе нельга.

(Ігнатчык: ) “За палітычную дзейнасьць? Я такіх фармулёвак у вышэйшых навучальных установах ніколі не бачыў. Справа іншая, калі чалавек займаецца палітычнай дзейнасьцю, а ў статуце запісана, што палітычная дзейнасьць у межах унівэрсытэту забароненая.”

(Карэспандэнтка:) “А як тады быць з БРСМ?”

(Ігнатчык: ) “БРСМ гэта грамадзкае аб’яднаньне. Я ня ведаю, што такое “Зубр”. Гэта незарэгістраванае аб’яднаньне. Адэкватныя нормы паводзінаў павінны быць, асабліва, калі мы выхоўваем будучых настаўнікаў. Калі да мяне прыходзіць ліст аб тым, што чалавек праседзеў, бо быў затрыманы за некарэктныя паводзіны на мітынгу, тады я, напрыклад, раблю нейкую выснову аб тым, ці павінны такі чалавек, наагул, быць настаўнікам.”

Цягам апошняга году з навучальных установаў выключылі каля дзесятка сяброў моладзевага руху “Зубр”, якіх затрымлівалі на апазыцыйных акцыях. Сярод іх Максім Дварэцкі, Дзяніс Ляшчынскі, Сяргей Андросенка, Раман Казакевіч, Алесь Курсевіч і Яўген Скрабатун. Некаторыя зь іх падалі заявы, каб аднавіцца на вучобе, але адміністрацыі ВНУ ім адмовілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG