Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Кіеве – канфэрэнцыя Рады Эўропы па СМІ, куды не запрасілі Беларусь


Юры Сьвірко, Кіеў Сёньня прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка адкрыў у Кіеве сёмую міністэрскую канфэрэнцыю Рады Эўропы, прысьвечаную палітыцы мэдыяў. Спадар Юшчанка нагадаў, што ягоная дзяржава – гэта краіна, “дзе дзясяткі журналістаў паклалі сваё жыцьця за тое, каб пісаць праўду”, і сярод іх быў Георгі Гангадзэ, забойцаў якога знайшлі нядаўна.

“Мы ачысьцім Украіну ад бруднай ганьбы!” – сказаў Віктар Юшчанка, адкрываючы кіеўскую канфэрэнцыю Рады Эўропы. Выступ украінскага прэзыдэнта слухалі міністры інфармацыі й культуры ўсіх краін Эўропы – апрача Беларусі. Хаця адразу пасьля ўваходу ў Міжнародны выстаўны цэнтар Украіны ўдзельнікаў канфэрэнцыі сустракаў вялікі стэнд друкаваных выданьняў Беларусі, дзе бясплатна раздавалі лютаўскія нумары газэты “Советская Белоруссия” ды іншых дзяржаўных выданьняў зь Менску.

“Ці запрашалі беларускага міністра інфармацыі ў Кіеў?” – спытаўся я падчас прэсавай канфэрэнцыі ў галоўнага арганізатара форуму намесьніцы генэральнага сакратара Рады Эўропы Мод дэ Б’ёр-Букік’ё.

(дэ Б’ёр-Букік’ё: ) “Мы не накіроўвалі запрашэньне ў Беларусь – менавіта таму, што Беларусь у гэты момант не адпавядае стандартам, якія патрэбныя для ўдзелу ў дзейнасьці Рады Эўропы. Мы вельмі заклапочаныя, што Беларусь застаецца, так бы мовіць, адзінай чорнай дзіркай на эўрапейскім ляндшафце, і што народ Беларусі адчувае ізаляванасьць ад рэшты Эўропы з прычыны адсутнасьці добрай волі ўладаў зрабіць правільны сыгнал у напрамку да Рады Эўропы. Што да свабоды й павагі да фундамэнтальных правоў і свабодаў, чаго патрабуюць Статут Рады Эўропы ды Эўрапейская канвэнцыя правоў чалавека, дык мы мяркуем, што Беларусі трэба прайсьці яшчэ доўгі шлях, і з гэтай прычыны яна ня ёсьць часткай нашай сям’і”.

Побач з намесьніцай генэральнага сакратара рады Эўропы на прэсавай канфэрэнцыі быў украінскі віцэ-прэм’ер Мікола Таменка, якога я папрасіў патлумачыць сьвежую бэрлінскую заяву прэзыдэнта Віктара Юшчанкі пра тое, што зь Беларусьсю трэба ладзіць дыялёг, хаця дыялёг часам бывае складаны.

(Таменка: ) “Мы будзем фармаваць дыялёг культураў, дыялёг інтэлектуалаў, дыялёг журналістаў Украіны й Беларусі. Я думаю, што такі дыялёг мусіць пабудаваць тыя прынцыпы й стандарты ды выйсьці на тыя каштоўнасьці, якія заўсёды аб’ядноўвалі нашыя два народы. Я – праўда, як апазыцыйны палітык, – заўсёды з задавальненьнем браў удзел у навуковых дыскусіях і канфэрэнцыях у Менску. І тут, дарэчы, у нас на выставе прадстаўленыя выданьні беларускіх кнігавыдавецтваў і друкарняў. Гэта значыць, што ў дыялёгу народаў, таварыстваў і культураў не паўстала нейкіх праблем. Што тычыцца дыялёгу палітыкаў, я думаю, што гэта прыярытэт прэзыдэнта, і ён мусіць вызначыць, як актыўна будзе забясьпечаны дыялёг цяперашняй беларускай улады з украінскай уладаю. Я тут ня маю права камэнтаваць. Адзінае, што мне спадабалася з заяваў прэзыдэнта Беларусі падчас памаранчавай рэвалюцыі, – што яму страшна не падабаецца блакітны колер”.

Варта нагадаць, што блакітным і белым колерам на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны карыстаўся былы прэм''ер Віктар Януковіч, які прайграў.
XS
SM
MD
LG