Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень дзясяты: Гарадзенская міліцыя разагнала прадпрымальнікаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Гарадзенская міліцыя правяла сёньня акцыю застрашэньня прадпрымальнікаў ды іншых жыхароў гораду. Амонаўцы разагналі прадпрымальнікаў, якія пачалі зьбірацца ў парку Жылібэра. Побач—на плошчы Леніна былі сабраны дадатковыя міліцэйскія сілы, падрыхтаваныя да разгону людзей. Ёсьць затрыманыя. Падрабязнасьці – у нашага гарадзенскага карэспандэнта.

Апоўдні ў парку Жылібэра пасьпелі сабрацца прыблізна сто прадпрымальнікаў. На іх адразу пайшлі амонаўцы ў чорных шлемах. Людзі мусілі разыходзіцца з парку, амонаўцы працягвалі іх перасьледаваць.

Некалькіх чалавек затрымалі і пасадзілі ў мікрааўтобус, які чакаў на плошчы Тызэнгаўза. На маіх вачах два амонаўцы павялі пад рукі Юлію Дарашкевіч, якая спрабавала фатаграфаваць міліцэйскую акцыю. Аднак потым дзяўчыну адпусьцілі, дзякуючы яе журналісцкаму пасьведчаньню.

Цэнтар гораду ў гэты час нагадваў месца міліцэйскіх вучэньняў. Уваход у аблвыканкам перакрыў ланцуг амонаўцаў у шлемах. На плошчы Леніна перад гарвыканкамам шыхтаваліся, праводзілі перагрупоўку прыблізна сто міліцыянтаў — большая частка ў белых мэталічных шлемах, астатнія — у чорных.

Каля аблвыканкаму на скрыжаваньні вуліц Ажэшкі і Сацыялістычнай былі выключаныя сьветлафары. Гараджане пачалі спыняцца, зьдзіўленыя падзеямі, якія адбываліся навокал. Аднак узвод амонаўцаў у чорных шлемах і чорных масках пачаў разганяць людзей, забараняючы стаяць на тратуарах. Сярод прадпрымальнікаў нават зьявілася чутка, што ў Горадню мог прыехаць сам Аляксандар Лукашэнка. Але праз гадзіну, міліцыянты, разагнаўшы людзей, пагрузіліся ў машыны і пакінулі цэнтар гораду.

Сьведкам падзеі быў генэрал Валеры Фралоў. Ён выказаў Радыё Сваобода свае меркаваньні пра цяперашні канфлікт паміж уладамі і прадпрымальнікамі:

(Фралоў: ) “Сама ўлада справакавала такія паводзіны прадпрымальнікаў. І я думаю: там сур’ёзна задумаліся, і Лукашэнка там абяцае па якіхсьці рынках езьдзіць. Усё-ткі трэба ж нейкія меры прымаць нармальныя. Я думаю, яны ў значнай ступені будуць залежаць ад таго — наколькі прадпрымальнікі гатовыя змагацца да канца. Калі яны будуць гатовыя змагацца, я думаю, што і ўлада пойдзе насустрач, яна нікуды ня дзенецца. Усё-ткі гэта сіла, гэта грошы, гэта людзі, гэта наш народ, як гаворыцца”.

А вось як пракамэнтаваў генэрал Фралоў сёньняшнія дзеяньні гарадзенскіх уладаў:

(Фралоў: ) “Улада ўсё-ткі вырашыла штосьці зрабіць нарэшце. Народ выходзіць і выходзіць, прыходзіцца губэрнатару да яго выходзіць. Ну, канечне, яму ня хочацца выходзіць. І такі элемэнтарны спосаб прыдумалі —прыгналі АМОН і дэманструюць сілу. Як у той песьні: за народную ўладу са сваім жа народам змагаюцца”.

На здымку: Гарадзенскі АМОН на скрыжаваньні вуліц Ажэшкі і Сацыялістычнай. Здымак зроблены 4 сакавіка, сёньня фатаграфаваць забаранялася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG