Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Бяда беларусаў – у адсутнасьці салідарнасьці”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

“Няздольныя аб’яднацца,”—такі загаловак мае артыкул Зьміцера Кіселя, што прысьвечаны працэсу вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі на будучыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Спадар Кісель піша: “Ужо два месяцы палітыкі аналізуюць досьвед украінскай аранжавай рэвалюцыі – усе разважаюць, чаго не стае беларусам і што неабходна зрабіць, каб нарэшце дэмакратыя перамагла ў Беларусі. Аднак, пакуль ніхто з тых, хто прэтэндуе на правадыра народа да шчасьця, не заўважае, ці, дакладней, упарта ня хоча заўважаць таго, без чаго ніякія зьмены ў Беларусі да нармальнасьці немагчымыя. Таго, што заўважыў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч: “Наперадзе ўсіх апазыцыйных сілаў – у сэрцах, у думках і калёнах пад бел-чырвона-белымі сьцягамі павінна ісьці Беларусь, а не “ізберіце меня, я вам дам лучшую жізнь – адзін ужо даў...” – напісаў спадар Кісель.

Артыкул сталага аўтара “Нівы” Віктара Сазонава “Кожнаму сваё” прысьвечаны прадпрымальніцкім страйкам у Беларусі. Спадар Сазонаў піша: “Чарговы ўсплёск актыўнасьці адной групы насельніцтва. Адной. Усё астатняе – як раней. Працуюць крамы ідуць на працу тыя, хто яе мае... Іншых гэтая праблема як бы і ня тычыцца. Нават тыя гандляры, якія нядаўна перакрывалі трасу Горадня-Беласток і патрабавалі, каб ім дазвалялі купляць страхоўку ў Польшчы, гэтым разам мітынгаваць не пайшлі. Так, як некалі не пайшлі іх падтрымаць тыя, што страйкуюць зараз. Вось так, паасобку, ужо адмітынгавалі хіба ўсе беларусы, акрамя калгасьнікаў, “бо тыя, напэўна, праблемаў ня маюць”.

Паводле спадара Сазонава, бяда беларусаў ня ў тым, што яны рахманыя – бо гэта, паводле аўтара, няпраўда – а ў адсутнасьці салідарнасьці.
XS
SM
MD
LG