Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя прэзэнтуе свае пляны ў Эўропе і ў ЗША


Алесь Дашчынскі, Менск У Парыж прыбылі былы старшыня Савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч і старшыня рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімер Колас. Напрыканцы тыдня прадстаўнічая дэлегацыя апазыцыі накіруецца ў Вашынгтон.

У амбасадзе Францыі ў Беларусі, якая рыхтавала гэты візыт, ніякіх падрабязнасьцяў пакуль не падаюць, але вядома, што плянуюцца сустрэчы як у парлямэнце, так і з прадстаўнікамі выканаўчай улады эўрапейскіх краінаў, з мас-мэдыямі і няўрадавымі арганізацыямі. Паколькі ў замежнай прэсе часам можна сустрэць такія меркаваньні, што апазыцыя ў Беларусі раздробленая і ня можа дамовіцца, то цяпер яе прадстаўнікі мусяць пераканаць як Эўропу, так і ЗША ў адваротным. Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, і ў эўрапейскіх сталіцах, і ў Вашынгтоне беларуская апазыцыя прадэманструе сваё адзінства.

(Лябедзька: ) ”Дзьве дэлегацыі, але місія адна, задачы адны. Мы дамаўляемся, што гэтыя дзьве дэлегацыі не прадстаўляюць нейкую адну арганізацыю ці нейкі блёк. Мы прадстаўляем усіх апанэнтаў беларускага рэжыму і ўсіх тых, хто выступае за перамены. Вось такія дамоўленасьці, такі кантэкст сустрэч, і я думаю, што голас Вайтовіча і Коласа будзе гучаць аднолькава – як, напрыклад, там голас Статкевіча ці Калякіна ў Вашынгтоне.”

У складзе дэлегацыі, якая неўзабаве накіруецца ў Вашынгтон, будуць старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня Народнай грамады Мікола Статкевіч, старшыня ПКБ Сяргей Калякін, каардынатар аргкамітэту па стварэньні Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Павал Севярынец і праваабаронца Людміла Гразнова. Чакаецца, што ў праграме гэтага візыту будуць сустрэчы з віцэ-прэзыдэнтам, дзяржаўным сакратаром ЗША і сьпікерам палаты прадстаўнікоў.

У эўрапейскія сталіцы і Вашынгтон апазыцыя едзе з адзінай стратэгіяй па вылучэньні адзінага кандыдата на выбары 2006 года. Дарэчы, паводле ўчорашняга рашэньня, усе патэнцыйныя прэтэндэнты на званьне адзінага кандыдата павінны напісаць пісьмовую заяву і зарэгістравацца ў спэцыяльным сакратарыяце да 25 сакавіка гэтага году. У правядзеньні мабілізацыйнай кампаніі таксама ёсьць супольная пазыцыя. Пра маючы адбыцца візыт у Вашынгтон гаворыць старшыня Народнай Грамады Мікола Статкевіч.

(Статкевіч: ) ”Я думаю, што беларускі бок ставіць мэту проста распавесьці сваё бачаньне сытуацыі ў нашай краіне, а амэрыканскі бок, мабыць, ставіць мэту даведацца пра наш пункт гледжаньня, пра наша бачаньне сытуацыі ў Беларусі.”

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, у абедзьвюх дэлегацый супадаюць ацэнкі ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі.

(Лябедзька: ) ”Па-пераше, мы зыходзім з таго, што калі Беларусь знаходзіцца ў міжнародным парадку дня, значыць у нас, як краіны, і ў народа беларускага ёсьць пэрспэктыва. Гэта вельмі важна, калі пра Беларусь гавораць у асамблеях парлямэнцкіх, на роўні Эўразьвязу і нацыянальных парлямэнтаў ці ўрадаў. А па-другое, ёсьць шэраг пытаньняў, якія не зьяўляюцца ўнутранай справай Беларусі, бо Беларусь падпісала шэраг міжнародных канвэнцый, узяла на сябе пэўныя абавязкі, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнка. Гэта азначае, што калі не выконваюцца гэтыя міжнародныя абавязкі, то міжнародная супольнасьць можа ўплываць на сытуацыю ў краіне, і рычагі пэўныя ёсьць. Мы гэта мусім абмяркоўваць. Мы таксама зацікаўленыя ў тым, каб разарваць палітыку самаізаляцыі, якую праводзіць беларускі рэжым. Значыць, мы павінны прадстаўляць альтэрнатыўную стратэгію разьвіцьця Беларусі, што мы і будзем рабіць."
XS
SM
MD
LG