Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў” адмовілі ў рэгістрацыі. Алімпійцы абяцаюць зарэгістравацца па-за межамі Беларусі


Ігар Карней, Менск Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі “Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў”, які меўся аб’яднаць беларусаў-пераможцаў Алімпійскіх гульняў розных часоў.

Фармальнай падставай да адхіленьня заяўкі сталі прэтэнзіі да статутных дакумэнтаў гэтай, пакуль што гіпатэтычнай грамадзкай арганізацыі, аднак ініцыятары стварэньня алімпійскага Клюбу лічаць, што прычына – у асобах, якія фігуруюць сярод заснавальнікаў.

Хутка ўжо паўгоду, як “Клюб алімпійскіх чэмпіёнаў” ня можа легалізавацца, а днямі яны атрымалі свае дакумэнты назад “на дапрацоўку”. Выбітным колісь спартоўцам тлумачаць, што неабходна дадатковае ўзгадненьне мэт і задач арганізацыі на адмысловай камісіі пад кіраўніцтвам галоўнага ідэоляга прэзыдэнцкай адміністрацыі Алега Праляскоўскага. Ініцыятар стварэньня “Клюбу” – чатырохразовы алімпійскі чэмпіён. Ягоныя памочнікі – гэткія ж славутыя людзі: трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч і алімпійскі чэмпіён Уладзімер Камінскі. Усе ня толькі заслужаныя людзі ў спорце, але і досыць крытычнага стаўленьня да працэсаў, якія адбываюцца ў цяперашняй Беларусі. Праўда, у статуце “Клюбу” акрэсьленыя мэты выключна гуманітарныя – сацыяльная абарона спартоўцаў, якія пасьля заканчэньня кар’еры часта аказваюцца нікому не патрэбныя, працаўладкаваньне, дапамога ў пасьляспартовай адаптацыі, прыцягненьне да працы з моладзьдзю ў спартовых школах. Мэты высакародныя і аб’ектыўна патрэбныя, аднак ідэя паступова пераўтвараецца ў эпапею, – сьцьвярджаюць арганізатары. Чатырохразовы алімпійскі чэмпіён Віктар Сідзяк кажа, што, на жаль, усё залежыць ад якогасьці добрага ці, наадварот, абыякавага чыноўніка.

(Cідзяк: ) “Вось я заходжу, сядзіць добры чыноўнік. Ён любіць спорт, ставіцца добра, размаўляць зь ім можна. А адной я затэлефанаваў: “Алё, добры дзень, я чатырохразовы алімпійскі чэмпіён…” Яна ў адказ: “Ну, і што?” Кажу: “Як вы ставіцеся да такой ідэі?..” “А я не люблю спорт. Усё, да пабачэньня. І ўвогуле сюды больш не тэлефануйце”. Такія нават размовы. Не задаюцца людзі пытаньнем, што гэта дзяржаўная справа”.

Падобную сытуацыю можна было б уявіць у якой заўгодна сфэры, апроч спартовай. На ўсіх узроўнях толькі і чуецца, як шмат увагі ў Беларусі надаецца спорту і як апякуецца спартоўцамі прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Гэта зьдзіўляе і саміх спартоўцаў, але ў кулюарах (а цяпер і ўсё больш адкрыта) называюцца некаторыя меркаваньні на гэты конт. Прыкладам, прысутнасьць сярод актыўных ініцыятараў стварэньня арганізацыі трохразовага алімпійскага чэмпіёна Уладзімера Парфяновіча: ад часоў ягонага дэпутацтва ўлады ўспрымаюць Парфяновіча выключна як актыўнага апазыцыйнага палітыка. Сам жа Парфяновіч перакананы, што “Клюб алімпійскіх чэмпіёнаў” у Беларусі ніхто і не зарэгіструе, паколькі няма адпаведнага дазволу ад вышэйшага кіраўніцтва.

(Парфяновіч: ) “Ніхто і ня будзе рэгістраваць. Няма дазволу. А дазволу чакаюць з самага “верху”. А пакуль адтуль дазволу не даюць, ніхто ня возьме на сябе адказнасьць за рэгістрацыю. Але ёсьць паўсотні алімпійскіх чэмпіёнаў, якія хацелі б заснаваць свой “Клюб”. Таму, мне падаецца, справу трэба вырашаць інакш: не хадзіць па інстанцыях, а проста канстатаваць, што мы ўсё роўна зарэгіструем арганізацыю – ня ў Менску, дык у Маскве ці ў іншым месцы. Калі ня йдуць насустрач, то неабходна самім праводзіць больш жорсткую лінію. Думаю, бліжэйшым часам зьбярэмся і паразмаўляем наконт наступных крокаў”.

Прэзэнтацыю “Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў” ініцыятары праекту меліся наладзіць яшчэ ў студзені гэтага году, што, дарэчы, ужо было пазначана ў календары НАК. На колькі расьцягнецца вымушаная адтэрміноўка – цяпер сказаць ужо цяжка.

Вяртаючыся да заявы Уладзімера Парфяновіча наконт магчымай працы “Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў”, напрыклад, у Маскве, варта ўзгадаць, што шэраг арганізацый, фірмаў, калектываў беларускага паходжаньня зарэгістраваныя менавіта ў Расеі. Прыкладам, Фонд “За новую Беларусь” Васіля Лявонава, ансамбаль “Беларускія песьняры”, камэрцыйная фірма былога першага намесьніка КГБ Валерыя Кеза ды іншыя. Зарэгістраваўшыся ў Расеі, усе яны мусяць выконваць законы Расейскай Фэдэрацыі і плаціць падаткі ў расейскі бюджэт, а ў стасунках з Беларусьсю кіравацца саюзнымі пагадненьнямі.
XS
SM
MD
LG