Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт галасуе па беларускім пытаньні


Юры Дракахруст, Прага У чацьвер на сэсіі Эўрапарлямэнту пройдзе галасаваньне па праекту рэзалюцыі аб палітычных зьняволеных у Беларусі. Пра гэта паведаміў старшыня рабочай групы Эўрапарлямэнту па сувязях з Беларусьсю Богдан Кліх.

Паводле спадара Кліха, рэзалюцыя зьяўляецца рэакцыяй Эўрапарлямэнту на “рэзкі адказ” сталага прадстаўніка Беларусі ў Эўрапейскіх супольнасьцях і пры НАТО Ўладзімера Сянько. У лютым старшыня Эўрапарлямэнту Джозэп Барэл накіраваў паслу зварот, у якім выказаў занепакоенасьць судом над Міхаілам Марынічам.

Праект рэзалюцыі, які будзе галасавацца заўтра, утрымлівае 24 пункты тычыцца ня толькі сітуацыі з палітзьняволенымі, але і палітычнай сітуацыі ў краіне ўвогуле.

У дакумэнце прапануецца перагледзіць палітыку Эўразьвязу – узмацніць ізаляцыю беларускай ўлады ды ўзмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасьці.

Праект рэзалюцыі Эўрапарлямэнту называе “палітычна матываваным” суд над Марынічам і заклікае беларускія ўлады “неадкладна і безагаворачна” вызваліць яго, як і іншых палітзьняволеных – Валера Леванеўскага, Аляксандра Васільева, Юрыя Бандажэўскага.

Рэзалюцыя таксама заклікае правесьці незалежнае расьсьледаваньне зьнікненьняў вядомых грамадскіх дзеячаў Беларусі.

Аўтары рэзалюцыі патрабуюць “прызнаць цяперашні беларускі рэжым дыктатурай”, “знайсьці і замарозіць асабістыя сродкі Лукашэнкі і іншых вышэйшых асобаў рэжыму”.

Сярод іншых пунктаў рэзалюцыі – пашырэньне сьпісу прадстаўнікоў беларускай улады, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, прадстаўленьне прытулку грамадзянам, якія пацярпелі ад рэжыму, стварэньне альтэрнатыўных тэле- і радыёстанцыяў, дапамога незалежным друкаваным мэдыям.
XS
SM
MD
LG