Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі многія прадпрымальнікі спынілі страйк


Казімер Яноўскі, Гомель У мінулыя выходныя пераважная большасьць прадпрымальнікаў Гомельскай вобласьці выйшлі на працу. Многія проста распрадавалі тавар, каб назаўсёды разьвітацца з дробным бізнэсам. Аднак сёньня ў Рэчыцы на Славянскім рынку аднавілі страйк звыш 90 адсоткаў гандляроў прамысловымі таварамі. У Гомелі на Прудкоўскім рынку на працу ня выйшлі звыш паловы гандляроў. А вось Цэнтральны рынак абласнога цэнтру працаваў амаль у поўным складзе. Чаму людзі болей не падтрымліваюць страйк? Гэта высьвятляў наш гомельскі карэспандэнт.

Сярод тых, хто перастаў падтрымліваць страйк, нямала адзінокіх жанчынаў, якім няма на каго разьлічваць:

(Жанчына: ) “Я маці-адзіночка, сама гадую сына. Сын вучыцца, мне яго трэба накарміць, на праезд даць. І самой трэба харчавацца. Падатак я заплаціла, пазычыла і заплаціла. Менавіта пазычыла – і працую. Жыць-та трэба”.

Многія прадпрымальнікі вышлі на працу, бо бачылі, што страйк не падтрымліваюць тыя, хто гандлюе на шматлікіх гарадзкіх выставах:

(Малады мужчына: ) “У Гомелі выставы працуюць, і мы адпаведна працуем”.

Шмат людзей на рынку наагул ня вырашаюць, страйкаваць ім ці не. Гэта так званыя рэалізатары, якімі распараджаюцца гаспадары-наймальнікі:

(Жанчына–рэалізатар: ) “Я, канечне, за страйк, я – супраць гэтых дзяржаўных пабораў, але я не вырашаю. Я – паднявольны чалавек. Мне сказалі выйсьці на працу, і я працую”.

Іншыя гандляры наагул жывуць, так бы мовіць, адным днём. Паслухаем і такое меркаваньне:

(Прадпрымальнік: ) “Які сацыяльны статус прадпрымальніка? Самы нізкі! Яны думаюць не на пэрспэктыву, што будуць працаваць заўтра, пасьлязаўтра. Яны жывуць адным цяперашнім днём. Яны сёньня схапілі кусок – і шчасьлівыя. Маладыя ўсе падтрымліваюць страйк, а старыя, як я кажу, схопяць кусок – і ўжо шчасьлівыя. Таму і сарваўся страйк”.

У асобнай катэгорыі дробных гандляроў жыва ілюзія, што ім ўдасца выкруціцца і ў гэтай сытуацыі:

(Прадпрымальнік: ) “Хто выйшаў, думаюць так: увядуць падатак на даданую вартасьць, а мы будзем хітрыць, як хітрылі раней”.

Страйк многіх гомельскіх прадпрымальнікаў і сапраўды стаўся непрацяглым і спынены па сутнасьці напачатку дарогі. Прычыну гэтага некаторыя гандляры бачыць у адсутнасьці належнай арганізацыі кампаніі пратэсту:

(Маладая жанчына: ) “У нас, у Гомелі, няма належнай арганізацыі, я так лічу. Людзі не падрыхтаваліся да страйку. Я згодна страйкаваць, я б не працавала, калі б гэта нам дапамагло”, – сьцьвярджае прадпрымальніца, якая сёньня таксама гандлявала на Цэнтральным рынку Гомеля.
XS
SM
MD
LG