Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кім быў Аслан Масхадаў – тэрарыстам або легітымным лідэрам?


Ганна Соусь, Прага Забойства лідэра чачэнскіх сэпаратыстаў Аслана Масхадава расейскімі спэцслужбамі выклікала чарговую дыскусію пра ягоную ролю ў разбуранай вайной рэспубліцы. Кім быў Масхадаў? Міжнародным тэрарыстам, як яго называла Масква, ці легітымным лідэрам чачэнскага народу? Адказ на гэтае пытаньне залежыць ад таго, да каго зь ім зьвяртацца.

Рэакцыя на сьмерць Аслана Масхадава адлюстроўвае тыя супярэчнасьці ў ацэнцы ягонай ролі ў гісторыі Чачні. Для многіх чачэнцаў, як напрыклад для Ахмэда Закаева, паўнамоцнага прадстаўніка Масхадава ў Лёндане, чалавек, якога забілі расейскія спэцслужбы, быў ягоным прэзыдэнтам.

(Закаеў: ) “Я на гэты час ужо магу пацьвердзіць, што прэзыдэнт Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Аслан Масхадаў загінуў. Я ўстрымаюся ад камэнтароў дэталяў, якія папярэднічалі гэтым падзеям, але я магу пацьвердзіць сам факт гібелі Масхадава”.

Зь іншага боку для Крамля і многіх палітычных лідэраў у Расеі Масхадаў быў проста небясьпечным тэрарыстам. Вось што сёньня заявіў сьпікер расейскай Дзяржаўнай Думы Барыс Грызлоў.

(Грызлоў: ) “Зьнішчэньне тэрарыста міжнароднага маштабу ўсімі павінна ўспрымацца адназначна такім чынам, што з такім вынікам зла будзе значна меней”.

Аслан Масхадаў нарадзіўся ў 1951 годзе ў Казахстане, куды Іосіф Сталін дэпартаваў этнічных чачэнцаў пры канцы Другой усясьветнай вайны. Ён скончыў Маскоўскую вайсковую артылерыйскую вучэльню, потым стаў палкоўнікам Савецкага войска. Служыў на пачатку 90-х гадоў у Вільне і быў сьведкам адраджэньня незалежнасьці краінаў Балтыі.

Вярнуўшыся ў Чачэнію пасьля развалу Савецкага Саюзу, Масхадаў стаў паплечнікам першага прэзыдэнта Чачэніі Джахара Дудаева. У якасьці камандуючага чачэнскага войска Масхадаў удзельнічаў у партызанскай кампаніі супраць расейскіх войскаў падчас першай чачэнскай вайны 1994-96 гадоў.

Пасьля забойства Дудаева расейскімі спэцслужбамі Масхадаў фактычна стаў лідэрам чачэнцаў. А ў 1997 годзе Аслана Масхадава абралі прэзыдэнтам Чачні. Тыя выбары былі прызнаныя дэмакратычнымі і адпавядаючымі міжнародным стандартам. Пазьней Масхадаў падпісаў мірнае пагадненьне з Расеяй.

Карэспандэнт Радыё Свабода Андрэй Бабіцкі ў 1997-98 гадах зрабіў шмат рэпартажаў з Чачні. Паводле яго, у гэты пэрыяд Масхадаў меў найлепшы шанец як палітычны дзеяч, аднак Бабіцкі лічыць, што ён не скарыстаў гэты шанец і часткова нясе адказнасьць за другую чачэнскую вайну, якая працягваецца дагэтуль.

(Бабіцкі: ) “Як палітык ён быў занадта слабы, занадта падазроны, вельмі лёгка паддаваўся ўплыву й быў залежны ад інтрыг атачэньня. Чалавек, які ня здолеў пераламіць сытуацыю ў пэрыяд паміж дзьвюма вайнамі і фактычна аддаў рэспубліку пад уладу крымінальных банд і груповак рэлігійных фанатыкаў”.

Андрэй Бабіцкі мяркуе, што, нягледзячы на памылкі Масхадава, многія чачэнцы лічылі яго сваім прэзыдэнтам.

Бабіцкі лічыць, што Масхадава нельга называць тэрарыстам. Паводле расейскага журналіста ў Крамля няма ніякіх канкрэтных доказаў таго, што Масхадаў браў удзел у плянаваньні тэрактаў.

У многіх выпадках Масхадаў як раз асуджаў тэрарызм. Карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода Андрэй Бабіцкі называе Аслана Масхадава празаходнім палітыкам, які імкнуўся выкарыстоўваць мову міру і перамоваў – словы, якія разумеюць заходнія палітыкі.

Ці можна лічыць забойства Масхадава перамогай Крамля? Адказваючы на гэтае пытаньне, трэба ўлічваць, што Аслан Масхадаў быў адзіным ўплывовым лідэрам чачэнскага супраціву, які быў гатовы гаварыць аб міры.

Гл. таксама • Што будзе пасьля забойства Аслана Масхадава? • Генэрал Фралоў камэнтуе забойства Масхадава, зь якім ён разам служыў за савецкім часам • З.Пазьняк: “Легітымнага прэзыдэнта Чачэніі забілі тыя, хто зацікаўлены працягваць вайну на Каўказе" • Міністар замежных справаў Польшчы: “Забойства Масхадава – гэта палітычная памылка” • Апытаньне ў Менску: “Ці паўплывае сьмерць Аслана Масхадава на хаду баявых дзеяньняў у Чачэніі?” • Дукаеў: “Чачэнскі супраціў насамрэч страціў адзінага легітымнага лідэра” • А.Масхадаў: “Дастаткова 30 хвілінаў сумленнага дыялёгу сам-насам, каб спыніць гэтую вайну” - апошняе інтэрвію Масхадава Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG