Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэкрэт Лукашэнкі: вучыцца за мяжой – толькі з дазволу міністэрства адукацыі


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка сёньня выдаў дэкрэт аб процідзеяньні гандлю людзьмі. Дакумэнт прадугледжвае дзяржаўнае ліцэнзаваньне розных відаў дзейнасьці, зьвязанай з замежнымі кантактамі, а таксама забараняе ўсынаўленьне замежнікамі беларускіх дзяцей і вучобу за мяжой без дазволу міністэрства адукацыі.

Дэкрэт “Аб некаторых захадах ў справе супрацьдзеяньня гандлю людзьмі” прадугледжвае, што любая дзейнасьць па працаўладкаваньні за мяжой, а таксама шлюбныя агенцтвы падлягаюць абавязковаму ліцэнзаваньню Міністэрствам унутраных справаў.

Мадэльныя агенцтвы будуць атрымліваць ліцэнзіі ў Мінадукацыі. Розныя кастынгі і конкурсныя адборы будуць праводзіць дзяржаўныя службы занятасьці і агенцтвы, якія маюць ліцэнзіі для працаўладкаваньня за мяжой.

Дэкрэт рэглямэнтуе і накіраваньне беларускіх грамадзянаў на вучобу за мяжу. Абавязковай умовай гэтага зьяўляецца пісьмовы дазвол міністэрства адукацыі. Такі ж дакумэнт патрэбен для ўсынаўленьня замежнікамі беларускіх сірот. Дэкрэт прадугледжвае адміністратыўную і крымінальную адказнасьць ня толькі ў выпадку, калі нейкія дзеяньні прывялі да гандлю людзьмі, але і калі маглі прывесьці да гэтага, – адзначае прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі.

На думку былога начальніка ўпраўленьня міжнародных сувязяў БДУ Аляксандра Рухлі, толькі ў галіне адукацыі за мяжой дэкрэт закране інтарэсы тысячаў чалавек.

(Рухля: ) “Гэта шлях закрыцьця жалезнай заслоны, цэнтралізацыі, адзяржаўленьня ўсіх гэтых патокаў. З аднаго боку, гэта кантроль за выездам, з другога – кантроль за ўездам, кантроль, каб не было прыўнясеньня нейкай інфармацыі. Гэта тэндэнцыі да самаізаляцыі.”

Паводле Аляксандра Рухлі, раней большасьць беларускіх студэнтаў траплялі за мяжу без ўсялякіх дазволаў уладаў, празь непасрэдны кантакт з замежнымі ўнівэрсытэтамі. Ёсьць таксама праграмы абмену студэнтамі паміж беларускімі і замежнымі ВНУ, аднак яны нязначныя ў параўнаньні з самастойнымі паездкамі беларускай моладзі на вучобу за мяжу. За мяжой часта вучацца і студэнты, якіх адлічылі за апазыцыйную дзейнасьць.

(Рухля: ) “Я лічу, што чым болей будзе вучыцца за мяжой нашых людзей, і яны вернуцца потым назад, тым больш багатай стане краіна на веды. Паглядзіце, які шлях прайшоў Кітай. Яны ў 70-я гады раскідалі сотні тысячаў кітайцаў па сьвеце. Яны атрымалі веды, вярнуліся, і Кітай рвануў наперад па ўсіх накірунках, па ўсіх тэхналёгіях”.

Аляксандар Рухля кажа, што ня можа ўявіць, якім будзе мэханізм, каб не дапусьціць беларусаў на вучобу за мяжу без дзяржаўнага дазволу.

Сёньня ж Аляксандар Лукашэнка падпісаў загад на ахову дзяржаўнай мяжы. Ён загадаў кіраўніцтву памежных войскаў да 2007 года завяршыць дэмаркацыю мяжы, каб памежнікі ведалі і катралявалі “кожны мэтар”.
XS
SM
MD
LG