Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што думаюць менчукі пра забойства Аслана Масхадава?


Галіна Абакунчык, Менск 8 сакавіка загінуў Аслан Масхадаў – трэці прэзыдэнт Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя, пераемнік Джахара Дудаева і Зелімхана Яндарбіева. З 2000 году Аслан Масхадаў заставаўся адным з найбольш уплывовых лідэраў чачэнскай узброенай апазыцыі. Колішні палкоўнік савецкай арміі, ён выказваўся за мірнае ўрэгуляваньне расейска-чачэнскага канфлікту. Паводле Масхадава, вайну можна было спыніць цягам 30 хвілінаў перамоваў. Як паўплывае сьмерць Аслана Масхадава на хаду баявых дзеяньняў? Ці зьменіць гэта палітыку Масквы адносна Чачэніі? Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Забойства Аслана Масхадава станоўча паўплывае на адносіны паміж Расеяй і Чачэніяй. У сувязі з гэтым палітыка Расеі будзе больш мяккай і з часам гэта прывядзе да ўсталяваньня міру.”

(Спадар: ) “Я думаю так, што Чачэнія застанецца ўсё ж у складзе Расеі. Іншая рэч, што яна, магчыма, атрымае нейкі новы статус, пэўную аўтаномію. Але мне падаецца, што Расея ніколі ня пойдзе на парушэньне цэласнасьці сваіх межаў”.

(Юнак: ) “Мне падаецца, што будзе лепш, бо я расеец, я патрыёт сваёй радзімы.”

(Юначка: ) “Мне падаецца, што гэтая сьмерць ніякім чынам не паўплывае на адносіны Расеі й Чачэніі. Бо можа зьявіцца іншы чалавек гэткага ж складу й накірунку сваіх дзеяньняў, як Аслан Масхадаў.”

(Юнак: ) “Я лічу, што гэта вельмі станоўча паўплывае на адносіны Расеі адносна Чачэніі.”

(Спадарыня: ) “Ня зьменіцца нічога, бо акрамя Масхадава ёсьць чачэнскі народ, які настроены адстойваць свае правы. Колькі яны будуць жыць, гэтулькі яны будуць змагацца. Зьявяцца новыя Масхадавы, і вайна будзе працягвацца.”

(Спадар: ) “Там гэтулькі людзей было забіта, што зараз вельмі цяжка адказаць ці гэта станоўчы, ці адмоўны факт. Я хацеў бы, каб гэтая вайна скончылася, як мага хутчэй.”

(Спадарыня: ) “Баліць душа адносна Чачні й Расеі яшчэ і ў тым сэнсе, што каб гэта не адгукнулася і ў Беларусі. Каб нашыя салдаты там не ваявалі ў гэтай “гарачай кропцы”. Канечне, хацелася, каб там прайшлі мірныя перамовы: колькі можна, каб гінулі людзі невядома за што. Канечне, з Масхадавым – гэта вялікая праблема. Дай Бог, каб яна вырашалася, як хацелася бы, у лепшы бок, мірным шляхам.”

(Спадар: ) “Тое, што забілі Масхадава – гэта, па-мойму толькі сьмерць аднаго чалавека, няхай нават і вельмі ўплывовага. Бо на яго месца стане іншы чалавек і наўрад ці нешта зьменіцца пакуль людзі ня будуць дачыняцца паміж сабой па-іншаму.”

(Юнак: ) “Мне падаецца, што застануцца й баявыя дзеяньні, й расейска-чачэнскі канфлікт будзе толькі ўзмацняцца. Справа ня толькі ў нейкай канкрэтнай асобе, а справа ў народзе. Народ Чачэніі – ён ніколі не пакорыцца расейцам, і баявыя дзеяньні будуць працягвацца.”
XS
SM
MD
LG