Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзявяты дзень страйку: некаторыя прадпрымальнікі пачалі працу


Міхал Стэльмак, Менск У Беларусі працягваецца распачаты 1 сакавіка агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў, якія дамагаюцца адмены падатку на дабаўленую вартасьць. Нягледзячы на вяртаньне часткі гандляроў на працоўныя месцы, многія рынкі застаюцца пустымі.

У Пінску сёньня быў 39-ы дзень страйку мясцовых прадпрымальнікаў. Нагадаю, тут акцыя пратэсту пачалася 1 лютага – на месяц раней, чым агульнанацыянальны страйк. Паводле лідэра тутэйшых бізнэсоўцаў Сяргея Касьцюковіча, каля 900 чалавек працягваюць верыць у перамогу:

(Касьцюковіч: ) “Сёньня як заўжды адбыўся сход на рынку. Абмеркавалі бягучае становішча. Вядома, прагучала некаторая занепакоенасьць у сувязі з адсутнасьцю адзінства ў прадпрымальніцкіх шэрагах. Тым ня менш, пінчукі будуць стаяць да канца – да перамогі”.

Сёньня ж працягваўся страйк і ў іншых гарадах Берасьцейшчыны. Мэтазгоднасьць далейшага пратэсту ўхваляюць і бізнэсоўцы Віцебшчыны. У прыватнасьці, у Лепелі, як паведаміў лідэр мясцовай суполкі грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Алег Тычына, ня менш як 70 адсоткаў гандляроў працягваюць браць удзел у акцыі:

(Тычына: ) “Гэта ў нас у Лепелі вельмі лёгка пабачыць. Калі прыходзіш на рынак, дзе павінны гандляваць людзі–на адкрытых пляцоўках, дзе гандлююць скурай, абуткам і апаратурай, там нікога няма. Толькі ў крытым павільёне гандлюе некалькі чалавек гароднінай, садавіной і пячэньнем”.

Яшчэ менш прадпрымальнікаў вярнулася на працоўныя месцы ў Наваполацку і Полацку. Тут, паводле іхнага лідэра Валеры Шаўчэнкі, працягвае страйкаваць каля 90 адсоткаў гандляроў. Спадар Шаўчэнка таксама паведаміў, што частку іх мясцовыя ўлады вырашылі пазбавіць працоўных месцаў:

(Шаўчэнка: ) “Справа ў тым, што некалькі дзясяткаў нашых прадпрымальнікаў ужо атрымалі паперы з гарвыканкаму з той нагоды, што яны пазбаўлены працоўных гандлёвых месцаў. Ёсьць іх сьпіс і ён разасланы ва ўсе рынкі, гандлёвыя цэнтры і гэтак далей. І вось мы зараз зрабілі заяву ад імя усіх, і мы кажам так, што калі яны ня адменяць гэтых рашэньняў, то мы, апроч патрабаваньня адмены падатку на дабаўленую вартасьць, ня прыступім да працы да таго часу, пакуль ня будуць адноўленыя на працы гэтыя прадпрымальнікі”.

Зазначыў Валеры Шаўчэнка, лідэр прадпрымальнікаў Полацку і Наваполацку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG