Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адміністрацыя рынку прадае “пустыя” месцы страйкоўцаў?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Магілёўскія прадпрымальнікі, якія гандлююць на рэчавых рынках, працягваюць страйк, нягледзячы на тое, што ў сьвяточныя дні частка гандляроў выйшла на працу. Страйкоўцы Магілёва разьлічваюць пратрымацца як мінімум да канца сакавіка і спадзяюцца на саступкі з боку кіраўніцтва краіны.

Сёньня магілёўскія дробныя прадпрымальнікі, якія страйкуюць, зноў сабраліся на цэнтральнай плошчы гораду. Усяго было каля 3-х соцень чалавек.

Жанчыны–прадпрымальніцы склалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі, дзе пытаюцца яго, што будзе з імі, калі яны страцяць працу, ці паклапоціцца дзяржава пра адукацыю іх дзяцей і утрыманьне старых. Гандляркі спадзяюцца надрукаваць зварот у дэмакратычнай прэсе.

(Спадарыня: ) “Скажыце, а што нам ужо рабіць? Мы як марны лямант у пустэчы. Зьвяртацца асабіста да Лукашэнкі? Людзі зьвярталіся, але адказаў не атрымалі. Таму спрабуем праз прэсу”.

Паводле лідэраў прадпрымальнікаў, большасьць гандляроў рэчавых рынкаў абласнога цэнтру працягвае страйк, хаця частка людзей спужалася пагрозаў з боку ўладаў, сьцьвярджае Рыгор Кастусёў.

(Кастусёў: ) “Тут людзі ўжо ў разгубленасьці, бо пачаўся ціск улады на кіраўніцтва рынкаў. Яны пачалі рабіць продаж месцаў тых нашых людзей, якія цяпер не працуюць, страйкуюць”.

Ва ўправе прадпрымальніцтва Магілёўскага аблвыканкаму сьцьвярджаюць, што ня ведаюць пра рэпрэсіі у дачыненьні да страйкоўцаў. Хаця, пакрэсьліла намесьніца начальніка управы Вольга Яшына, у рынкаў свая пазыцыя – яны імкнуцца атрымаць максымальны даход ад продажу месцаў.

Аднак магілёўскія дробныя гандляры вырашылі ўсё ж не выходзіць на працу, пакуль не дамогуцца ад кіраўніцтва краіны нейкага, як яны кажуць, разумнага рашэньня. Хаця самі цяпер маюць да ўладаў шмат прэтэнзіяў.

(Спадар: ) “Улады? Мы для іх папросту дойная карова. А з гэтымі законамі робяць з нас рабападобную істоту, можна нават так сказаць. Мы нібыта бяспраўныя і нават размаўляць з намі не хочуць”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што наша краіна не клапоціцца пра сваіх людзей, не дае ім працаваць”.

(Спадар: ) “…І нікому мы не патрэбныя”.

(Іншая спадарыня: ) “Асабліва нашаму прэзыдэнту. Як ён казаў – блохі. Ці можна з такой нянавісьцю пра прадпрымальнікаў так гаварыць увогуле? Мы ж людзі, правільна?!”

Страйкоўцы вырашылі зноў сабрацца на цэнтральнай плошчы Магілёва ў пятніцу, 11 сакавіка.
XS
SM
MD
LG