Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павелічэньня колькасьці надзвычайных здарэньняў на сьвяты не адзначалася


Іна Студзінская, Менск Ну вось і адсьвяткавалі: 4 дні краіна гуляла, адзначала жаночае сьвята. 4 дні надвор’е і Беларусі было зусім не вясновым – сьнегапады, завірухі, сьнежныя заносы. Чым завяршыліся сьвяты, ці адзначаўся усплёск надзвычайных здарэньняў у краіне?

Беларусь сьвяткавала, я б сказала, не 4 дні, а ўсе 5 – напярэдадні ў пятніцу ва ўсіх калектывах віншавалі сваіх жанчынаў. Нягледзячы на дырэктыву №1, ва ўсіх офісах, канторах, кабінэтах асьцярожна, з-пад стала, налівалі… Калі ўлічыць, што надвор’е ня вельмі спрыяла – сьнегапады, завірухі, то ніякіх масавых мерапрыемстваў у парках ці на плошчах не было. Толькі 8 сакавіка каля сталічнага Палацу спорту ўвечары наладзілі канцэрт і дыскатэку пад завіруху.

Але павелічэньня колькасьці здарэньняў не адзначалася. Дзяжурны па Міністэрстве ўнутраных справаў адрапартаваў, што абстаноўка пад кантролем. ДАІ таксама – да прыкладу, 7 сакавіка адбылося каля двухсот дробных сутыкненьняў, 11 дарожна-транспартных здарэньняў, 3 чалавекі загінулі, 9 параненыя – гэта звычайныя паказчыкі.

Датэлефанавалася я і да дзяжурнага па выцьвярозьніку, у якога пацікавілася, ці ўзрасла колькасьць наведвальнікаў.

(Дзяжурны: ) “У адзін дзень было паболей – у суботу”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы зьвязваеце гэта з тым, што 4 выходныя дні ў краіне?”

(Дзяжурны: ) “Магчыма. Але больш было не нашмат – на 4 чалавекі толькі”.

(Карэспандэнтка: ) “А колькі ў вас бывае наведвальнікаў у дзень?”

(Дзяжурны: ) “Да 10 чалавек”.

(Карэспандэнтка: ) “А восьмага, у сьвята, не было наплыву?”

(Дзяжурны: ) “Вось зараз у нас сядзіць дзяўчына, выклікалі сваякоў, зараз паедзе дадому”.

(Карэспандэнтка: ) “А наагул, жанчыны часта трапляюць у выцьвярозьнік?”

(Дзяжурны: ) “Не, іх не бяруць. Ставімся гуманна…”

А ці былі здарэньні, зьвязаныя са сьнежнай навалай? Такога сьнегападу ў сакавіку не памятаюць нават старажылы… Дзяжурны па Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях сказаў, што сур’ёзных здарэньняў, аварыяў не адбылося.

7 сакавіка ў Менску прайшло паседжаньне Камісіі па надзвычайных сытуацыях пры Савеце Міністраў. Цяпер уборку сьнегу вядуць больш за 5 тысяч адзінак сьнегаўборачнай і дапаможнай тэхнікі, 17 тысячы работнікаў службаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, дапамагаюць, як звычайна, вайскоўцы.

Праежджыя часткі ў горадзе расчышчаюцца, кругласутачна працуе тэхніка. Што да двароў – залежыць шмат ад дворнікаў: мой двор вельмі чысты. Была я ў гасьцях у цэнтры гораду – у двор нават “хуткая дапамога” не магла праехаць, завалы такія.

Найбольшая колькасьць сьнегу выпала ў Гомельскай вобласьці – у Мазыры, да прыкладу, за адны суткі выпала 57 сантымэтраў сьнегу. Як паведаміў прэс-сакратар Гомельскага абласнога упраўленьня МНС маёр Руслан Габрылёў, завалы на дарогах ёсьць, абрываў лініяў электраперадач не было. За апошнія трое сутак у вобласьці адбылося больш за дзясятак сур’ёзных абрушэньняў дахаў, у асноўным – сельгаспабудоваў. І найбольшая колькасьць здарэньняў – у Мазырскім раёне:

(Габрылёў: ) “Абрынулася зернясховішча – 600 кв. мэтраў і 300 мэтраў сьцен. Кароўнік у Мазырскім раёне. У Ельскім раёне таксама зернясклад. У Нараўлянскім раёне зернясклад. У Акцябрскім ажно 4 сельгаспабудовы, усе лядашчыя. У Гомельскім, у вёсцы Рогі 200 галоваў ската ў кароўніку было. У Буда-Кашалёўскім раёне – зернясховішча. Хойніцкі раён – сьвінакомплекс, 300 кв. мэтраў страхі рухнула. Сьвіньні не пацярпелі”.

(Карэспандэнтка: ) “Ахвяраў сярод людзей, сярод жывёлаў не было?”

(Габрылёў: ) “Не было. У нашых зводках не было. І ў прынцыпе, ні адзін сельгасаб’ект ня хоча даваць такое”.

Такім чынам, сур’ёзных здарэньняў не было ці пра іх не паведамляюць. Праўда, сыноптыкі сьцьвярджаюць, што моцныя сьнегапады працягнуцца яшчэ мінімум 2 дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG