Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слынны амэрыканскі навуковец распрацаваў тэст для выяўленьня псыхапатаў на працы


Сьвятлана Курс, Менск Амэрыканскі вучоны Робэрт Геар скончыў працу над тэстам па вызначэньні людзей, непрыдатных да кіраўнічых функцыяў у грамадзтве. Людзі пэўнага псыхалягічнага тыпу спрычыняюцца да ўзьнікненьня невырашальных канфліктаў, прыняцьця неэфэктыўных рашэньняў і стварэньня атмасфэры страху і падазронасьці ў грамадзтве.

Якое значэньне маюць асоба і адкрыцьці Геара? Тэсты Робэрта Геара могуць, з аднаго боку, спрычыніцца да забароны на прафэсію, зь іншага – абараніць карпарацыі і цэлыя дзяржавы ад неэфэктыўнага кіраваньня. Амэрыканскі псыхоляг Робэрт Геар вядомы як распрацоўнік закрытых крыміналягічных тэстаў для выяўленьня патэнцыйных маніякальных забойцаў. Гэтымі засакрэчанымі тэстамі карыстаюцца паліцыянты шэрагу заходніх краінаў.

Сёлета слынны навуковец распрацаваў тэст “Business Scan” – для выяўленьня псыхапатаў на працы. На думку навукоўца, менавіта псыхапаты зьяўляюцца самай актыўнай праслойкай насельніцтва, іх прыцягвае ўлада, грошы і кантроль над людзьмі.

Маецца на ўвазе не псыхіятрычнае захворваньне, а тып асобы, некаторыя рысы якой разьвіваюцца гіпэртрафавана. Такая асоба адчувае сябе каштоўным, а свае ідэі – гіпэркаштоўнымі. Паводле Геара, асноўныя рысы псыхапата на пасадзе – крывадушнасьць, хлусьлівасьць, абыякавасьць, бязьлітаснасьць, нецярпімасьць, раздражняльнасьць, эксцэнтрычнасьць, зьменлівасьць, адсутнасьць такту і жарсьць да зьдзекаў з падначаленых.

Аднак, бадай, многія людзі пазнаюць сябе ці супрацоўнікаў па гэтых непрыгожых выявах… Насамрэч, Геар сьцьвярджае, што звычайны чалавек з дрэнным характарам набірае да 8 пунктаў, у той час як псыхапат – ня менш за 30.

Я папрасіла пракамэнтаваць адкрыцьцё Геара вядомага сацыяпсыхоляга Паўла Ўрбановіча.

(Урбановіч: ) “Ёсьць добрая прымаўка – калі сам да ўлады не ідзеш, глядзі, каму ўладу аддаеш. Калі да ўлады ідзе псыхапатычны чалавек, ён бярэ вялікую сякеру і памахвае ёю па шляху. Амплітуда маханьня вялікая, у каго галаву зьнясе, у каго – руку. Чалавек пры гэтым даволі эфэктыўны і нармалёвы. Тым, хто вакол – цяжка, а яму – добра: “Я дырэктар. Я бачу рэальнасьць. Але я ня бачу тых, хто вакол, або бачу ў іх ворагаў”. Такі чалавек свае мэты дасягне. І калі ягоныя мэты супадаюць з мэтамі грамадзтва – усё добра, тады кажуць: “Ну, жорсткі, але справядлівы, усё ж нешта зрабіў!”

На думку Ўрбановіча, адсутнасьць рэальнага працоўнага конкурсу ў грамадзтве прыводзіць да таго, што ва ўсіх працоўных сфэрах топ-мэнэджэрамі робяцца менавіта людзі-псыхапаты. Ва ўсіх грамадзтвах іх ад 1 да 4%. Астатнія людзі, асабліва мужчыны, часта адыходзяць ад працэсу прыняцьця рашэньняў.

(Урбановіч: ) “Гэта жаданьне, каб хто-небудзь рабіў маю справу і жыў маё жыцьцё за мяне. Жанчыны больш адаптыўныя. Мужчына ці выпраўляе сытуацыю, ці скараецца. Мужчына, калі скараецца, ён не існуе, ён не жыве. Проста як аўтамат працуе, не заўважае таго, што вакол. Магчымыя іншыя эскапізмы, сыход у п’янку, напрыклад”.
XS
SM
MD
LG