Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: горацкія ўлады ашчаджаюць на паліве, жыхары мерзнуць


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

Газэта “Свободные новости” прапануе чытачам аналіз пэрспэктывы расейска-беларускіх стасункаў. Аўтары прыходзяць да высновы, што Беларусі самой ня выбрацца з цяжкага эканамічнага і палітычнага становішча без дапамогі Расеі. Але дзеля гэтага кіраўніцтва краіны мусіць зрабіць крокі да паляпшэньня клімату ў адносінах з Крамлём.

Чытачы могуць прачытаць у сёньняшнім нумары ўрыўкі з кнігі Анатоля Казловіча “Беларусь паміж небам і зямлёю”. Гэтым разам – частку “Прыгажосьць”. Аўтар выказваецца аб тым, што ў Беларусі хапае прыгожых мясьцінаў, ня горшых за курорты Швэйцарыі, але трэба ўкладаць грошы, каб мець адпаведны турыстычны бізнэс.

Газэта “Вольнае Глыбокае” публікуе матэрыял пра забытыя вёскі. Выдаваліся кнігі пра цікавыя помнікі архітэктуры і гісторыі на Глыбоччыне, але далёка ня ўсе яны ўвайшлі ў сьпіс. Ці то дасьледчыкі не даехалі да гэтых вёсак, ці то не даведаліся пра іх своечасова. Газэта паведамляе пра палацы,якія цяпер раскрадаюцца на цэглу. Блізу Парэчча – Сьвята-Ўзьнясенская царква, пабудаваная ў ХІХ ст., якая стаіць нібыта пасьля бамбаваньня. У вёсцы ўсяго тры хаты.Каб аднавіць царкву, трэба яшчэ спачатку зьезьдзіць у Пецярбург, бо там захоўваюцца чарцяжы. Унікальны праект.

Газэта прапануе чытачам эксклюзіўны матэрыял пра тое, што бацька Чэслава Мілаша працаваў на Глыбоччыне інжэнэрам. У 1939 годзе ён эміграваў у Літву, дзе яго добра сустрэлі.

“Вольнае Глыбокае” паведамляе пра падлеткавую злачыннасьць у Пастаўскім раёне. Падлеткі крадуць мабільнікі, алюмініевыя радыятары, рабуюць шапікі.

Паляўнічы сэзон мае трагічныя наступствы ня толькі для жывёлаў. Жыхар Докшыцаў не прыйшоў дахаты з паляваньня. На наступны дзень знайшлі яго цела з кулявымі раненьнямі. Высьветлілася, што яго забіў іншы паляўнічы. Цяпер яго будуць судзіць за забойства па неасьцярожнасьці.

У мястэчку Гарадзец невядомыя абрабавалі сьпіртзавод, які даўно ня дзейнічае. Вартаўніка не было, і гэтым скарысталіся злачынцы. Скралі каштоўныя краны і 90 м алюмініевага дроту.

Газэта “Региональные ведомости” ў Горках распавядае, да чаго вядзе жаданьне мясцовых уладаў у мэтах эканоміі скарыстацца мясцовым палівам. Тэмпэратура ў кватэрах мікрараёну на вуліцы Рытава – 10 градусаў. Мокрыя дровы не даюць неабходнае цяпло.

У Горках прайшоў конкурс “Вучань году”. Перамагла ў конкурсе дзевяціклясьніца гімназіі Анастасія Бяззубенка. Яна распрацавала праект экалягічнай абароны сваёй школы. У праекце прадугледжаны нават сад камянёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG