Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод сёлетніх ляўрэатаў прэміі Герда Буцэрыюса – БЕЛАПАН і “Віцебскі кур’ер”


Алесь Дашчынскі, Менск “Прэмія імя Герда Буцэрыюса “Маладая прэса Ўсходняй Эўропы 2005” абараняе і падтрымлівае свабоду прэсы” – пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным прэсавым рэлізе фонду “Цайт-Штыфтунг”. Прэмія названа ў гонар стваральніка гэтага фонду, вядомага нямецкага юрыста, журналіста і выдаўца. Сярод сёлетніх ляўрэатаў ёсьць прадстаўнікі Беларусі.

Чатыры ўсходнеэўрапэйскія газэты, інфармацыйная агенцыя і расейскі журналіст атрымаюць сёлета прэмію імя Буцэрыюса. Яна была заснавана ў 1999 годзе нямецкім фондам “Zeit-Stiftung” (Гамбург) сумесна з нарвэскім фондам “Fritt Ord” (“Свабода слова”, Осла) і ўручаецца друкаваным СМІ і журналістам краінаў Усходняй Эўропы за якасную і незалежную журналісцкую працу.

Самую вялікую прэмію атрымае беларуская агенцыя навінаў БЕЛАПАН. Яшчэ адзін ляўрэат зь Беларусі – рэдакцыя недзяржаўнай газэты “Віцебскі кур’ер”. Сярод іншых ляўрэатаў таксама адзіная на Паўночным Каўказе незалежная газэта “Чачэнскае грамадзтва” з Назрані.

Рашэньне прымала незалежнае журы, у якое, сярод іншых, уваходзіў былы кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску Ханс-Георг Вік. Дарэчы, менавіта пасол Вік сумесна з БАЖ прапанавалі на атрыманьне прэміі імя Герда Буцэрыюса газэту “Віцебскі кур’ер”, а зьнешнепалітычнае ведамства – агенцыю БЕЛАПАН.

Старшыня праўленьня фонду “Zeit-Stiftung” Міхаэль Гёрынг падкрэсьліў, што Герд Буцэрыюс заўсёды выступаў за свабоду прэсы, і фонд працягвае гэтую традыцыю. Прэмія абараняе й падтрымлівае свабоду прэсы ў краінах Усходняй Эўропы, у якіх рэдакцыі і асобныя журналісты часта павінны мець асаблівую мужнасьць, каб публікаваць крытычныя артыкулы і камэнтары. Як цьвердзіць спадар Гёрынг, без свабоды прэсы ня можа быць і дэмакратыі. Ён павіншаваў пераможцаў, адзначаючы іх высокую грамадзянскую пазыцыю.

Кіраўнік нарвэскага фонду “Fritt Ord” Эрык Рудэнг адзначыў, што адкрытыя дыскусіі й пошукі праўды зьяўляюцца цэнтральнымі для кожнай дэмакратыі, калі яна хоча сябе такой лічыць. У скандынаўскім грамадзтве падтрымліваецца свабода прэсы. Паводле спадара Рудэнга, незалежныя дыскусіі ў Расеі і ва Ўсходняй Эўропе зьяўляюцца неабходнай умовай для разьвіцьця дэмакратыі ў Эўропе.

Цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў прэміі імя Герда Буцэрыюса “Маладая прэса Ўсходняй Эўропы” адбудзецца 14 чэрвеня ў інстытуце Нобэля ў Осла.
XS
SM
MD
LG