Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адкрые Эўракамісія офіс у Менску?


Уладзімер Глод, Менск На гэтым тыдні (у чацьвер альбо пятніцу) Менск зьбіраецца наведаць высокапастаўлены прадстаўнік Эўракамісіі. Падчас ягонага візыту будзе абмяркоўвацца магчымасьць адкрыцьця ў сталіцы Беларусі офісу гэтай уплывовай міжнароднай структуры. Цяпер такое прадстаўніцтва існуе ў Кіеве, і яно ахоплівае адразу аж тры дзяржавы: Украіну, Малдову і Беларусь. Паводле паведамленьняў з Брусэлю (а Эўракамісія – гэта асноўная структура Эўразьвязу, так бы мовіць, яго выканаўчая ўлада, якую цяпер узначальвае былы прэм’ер Партугаліі Жозэ Мануэл Барозу), Эўракамісія ўжо мае згоду ўладаў Малдовы на разьмяшчэньне тут самастойнага офісу. Такім чынам, на чарзе адкрыцьцё самастойнага прадстаўніцтва Эўракамісіі і на тэрыторыі Беларусі.

Як расцэньваюць новую ініцыятыву ў Беларусі? Аналітыкі ў Менску лічаць, што гэты крок Эўракамісіі ёсьць спробай уплывовай міжнароднай арганізацыі напоўніць канкрэтным зьместам праграму для новых суседзяў, якія зьявіліся пасьля леташняга пашырэньня Эўразьвязу. Праўда, раней казалі, што ў гэтую праграму ўваходзяць толькі Малдова ды Ўкраіна. А што тычыцца Беларусі, дык для яе быццам ствараецца нейкая адмысловая праграма.

Але ў любым выпадку гэта, безумоўна, спроба наводзіць масты і выйсьці за ранейшыя рамкі ўзаемадзеяньняў Беларусі з Эўразьвязам. А яны да гэтага часу фармальна ды й фактычна абмяжоўваюцца выключна праграмай ТАСІС. Дарэчы, любы праект праграмы ТАСІС мусіць абавязкова ўзгадняцца зь беларускім урадам. І калі казаць пра канкрэтныя прыклады, дык узгадваецца шматгадовая сыстэма навучэньня пад эгідай ТАСІС, калі супольныя групы для паездак за мяжу фармавалі Беларуская асацыяцыя журналістаў і факультэт журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту.

Ініцыятыва адкрыцьця ў Менску прадстаўніцтва Эўракамісіі зыходзіла ад беларускай апазыцыі. Між тым у Менску ўжо даволі доўга працуе офіс АБСЭ. Навошта ж тут яшчэ адна міжнародная ўстанова?

Перадусім, АБСЭ і Эўракамісія хаця й міжнародныя, але ўсё ж і вельмі розныя арганізацыі. АБСЭ паводле сваёй структуры ўключае ўдвая больш дзяржаваў, чым Эўразьвяз: як звычайна кажуць, ад Ванкувэра да Ўладзівастока. Краінаў вельмі розных, і таму тут вельмі цяжка знайсьці кансэнсус, безь якога рашэньні прыняць ніяк нельга. Існуе шмат прыкладаў, калі нават двума галасамі – Беларусі і Расеі – блякавалася прыняцьце важных дакумэнтаў.

Эўразьвяз аб’ядноўвае дзяржавы з сумеснымі поглядамі. І ўжо адно гэта дае магчымасьць тут знаходзіць згоду куды лягчэй. Дый магчымасьцяў узьдзеяньня, перадусім эканамічнага, у Эўразьвязу й Эўракамісіі значна больш. Таму ў беларускай апазыцыі ёсьць спадзяваньні на тое, што новы офіс, калі яго адкрыюць, ня будзе абмяжоўвацца толькі маніторынгам сытуацыі. Пра гэта мне сказаў Яраслаў Раманчук – намесьнік у міжнародных справах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

(Раманчук: ) “Мы ўжо на працягу амаль трох апошніх гадоў ставім гэтае пытаньне перад эўраструктурамі, перад эўрапейскім парлямэнтарамі. Калі б Эўразьвяз хацеў зрабіць нармальныя стасункі з Беларусьсю, дык патрэбны альбо амбасада, альбо офіс. І гэта, безумоўна, будзе крок насустрач, таму што гэта яшчэ і прызнаньне сувэрэнітэту Беларусі. Таму я лічу, што адкрыцьцё офісу будзе спрыяць ня толькі разьвіцьцю стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Эўракамісіяй, але таксама будзе накіраваная на тое, каб дапамагаць працэсу дэмакратызацыі.

Справа ў тым, што мы ставім пытаньне аб адкрыцьці офісу Эўракамісіі ня толькі для таго, каб яна толькі зьбірала інфармацыю, а для таго, каб яна пры дапамозе ўсіх зацікаўленых бакоў знайшла інструмэнты працы на Беларусі. Пасьля нашых спатканьняў, прынамсі, пасьля нядаўняй канфэрэнцыі ў Вільні з фондам Бэртрызмана, які зьяўляецца адной з асноўных структураў у справе зьнешняй палітыкі Нямеччыны, а таксама кансультантам Эўракамісіі, мы бачым канкрэтныя рашэньні”.

Ці ёсьць нейкія надзеі, наконт таго, што афіцыйныя ўлады дадуць згоду на адкрыцьцё офісу? Мае спробы знайсьці кагосьці з афіцыйных асобаў учора плёну не далі, паколькі краіна чатыры дні запар сьвяткуе. А некалькі чыноўнікаў, да якіх я датэлефанаваўся, адказалі, што яны пакуль нічога ня ведаюць пра захады з боку Эўразьвязу і Эўракамісіі. Таму я вымушаны абмежавацца камэнтаром таго ж спадара Раманчука. Ён думае, што афіцыйны Менск можа пагадзіцца з прапановай, але паспрабуе абмежаваць дзейнасьць новага офісу.

(Раманчук: ) “Я думаю, што дадуць дабро, таму што, калі афіцыйны Менск ня мае добрых стасункаў з Расеяй, і яны пагаршаюцца штогод, дык нават дзеля таго, каб паказаць Маскве, што мы таксама можам выкарыстаць эўрапейскую карту ў перамовах, яны, безумоўна, на гэта пойдуць. Іншая справа, што беларускія ўлады зробяць усё, каб зьвесьці працу Эўракамісіі да фармату той, якая існуе сёньня ў офіса АБСЭ. Але гэта розныя рэчы. Таму калі такая структура зьявіцца, я думаю, нам усім будзе лепш”.
XS
SM
MD
LG